Нямецкі экспрэсіянізм у Менску

12-15 снежня ў кінатэатры «Ракета» пройдзе рэтраспектыва фільмаў нямецкага экспрэсіянізму. Праграма адкрыецца 12.12.12 паказам нямога фантастычнага фільма жахаў «Голем, як ён прыйшоў у свет» (Der Golem, wie er in die Welt kam) пад акампанімент электроннага праекту I/DEX

Праграма рэтраспектывы

12 снежня, 19:30, вялікая зала

ГОЛЕМ, ЯК ЁН ПРЫЙШОЎ У СВЕТ / Der Golem, wie er in die Welt kam

1920 год, 85 хв., рэжысёры: Карл Бёзэ, Паўль Вегенер

Музычнае суправаджэнне: Віталь Гармаш (I/DEX)

«Голем, як ён прыйшоў у свет» — нямы мастацкі фільм эпохі кінаэкспресіянізму. Быў створаны Карлам Бёзэ і Паўлем Вегенерам па матывах яўрэйскага падання пра Голема — ажыўленай магіяй глінянай статуі. Фільм, які пераказвае паданне пра стварэнне і першы бунт Голема, лічыцца класічнай экранізацыяй гэтага сюжэта. Шмат у чым дзякуючы выразнаму выкананню ролі Голема Паўлем Вегенерам, вобраз глінянага чалавека, што быў ажыўлены магіяй, набыў шырокую вядомасць, хоць і быў пасля адціснуты ў бок падобным па сэнсе вобразам пачвары, якая была створана Франкенштэйнам. 

13 снежня, 19:00, малая зала 

НЕРВЫ / Nerven

1919 год, 110 хв., рэжысёр: Роберт Райнерт

У «Нервах» сцэнарыст, режысёр і прадзюсар Роберт Райнерт  імкнуўся аднавіць атмасферу «нервовай эпідэміі», выкліканай вайной і галотай, «якія зводзяць людзей з глузду». Гэтая ўнікальная карціна жыцця Германіі ў 1919 годзе, знятая ў Мюнхене, апісвае лёсы людзей з розных пластоў грамадства: прамыслоўца Ролафа, які страціў веру ў тэхнічны прагрэс, настаўніка Ёханэса, які выступае на сходах за сацыяльныя рэформы, і сястры Ролафа Мар'і, якая абрала шлях рэвалюцыйнай барацьбы.

14 снежня, 19:00, малая зала

АД СВІТАНКУ ДА ПАЎНОЧЫ / Von morgens bis Mitternacht

1920 год, 72 хв., рэжысёр: Карлхайнц Марцін

Банкаўскі касір, які ненавідзіць штодзённае жыццё, крадзе грошы, каб пакінуць цесны свет, у якім жыве, але выхад за яго межы прыносіць адны толькі расчараванні... «Ад світанку да паўночы» — забыты шэдэўр эпохі нямецкага экспрэсіянізму, які доўгія гады лічыўся згубленым і быў цудам знойдзены ў Японіі ў пачатку 60-х гадоў. Кіназнаўцы адносяць яго да так званага «калігарызму» — кірунку, які зрабіўся модным пасля поспеху «Кабінета доктара Калігары».

15 снежня, 19:00, малая зала

ЗАМАК ФАГЕЛЁД / Schloß Vogelöd

1921 год, 82 хв., рэжысёр: Фрыдрых Вільгельм Мурнаў

Кампанія арыстакратаў збіраецца ў загарадным маёнтку на восеньскае паляванне, аднак нечаканае з'яўленне графа Ойча, якога ўсе лічаць забойцай уласнага брата, разбурае пачатковую задуму. Адна з ранніх работ легендарнага рэжысёра Фрыдрыха Вільгельма Мурнаў «Замак Фагелёд» дае яскравае ўяўленне аб развіцці самабытнай творчай манеры рэжысёра, якая ў поўнай меры праявіць сябе ў такіх фільмах, як «Насферату, сімфонія жаху» і «Прывід».

Усе фільмы дэманструюцца на нямецкай мове з рускімі субтытрамі.

16:15, 11/11/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0688 seconds.