Velcom прапануе атрымаць 30 млн. руб. за лепшы прома-ролік беларускай літаратуры, зняты на смартфон

У Беларусі адкрыўся пяты юбілейны фестываль мабільнага кіно velcom Smartfilm. Сёлета тэма фестывалю – буктрэйлеры. На працягу бліжэйшых трох месяцаў удзельнікі будуць ствараць відэаролікі на смартфонах, якія прэзентуюць кнігі рознага жанру. Гэтым годам адмысловую ўвагу арганізатары надалі нацыянальнай літаратуры і прапанавалі сфакусавацца на беларускіх аўтарах.

Цягам пяці год velcom Smartfilm паспяхова аб’ядноўвае энергію творчых супольнасцей у Беларусі – штогод журы разглядае больш сотні прац. Аўдыторыя фэсту расце, мінулы velcom Smartfilm выдаўся самым паспяховым: было пададзена больш 120 прац. У юбілейны год арганізатары чакаюць новых рэкордаў.

У межах фестывалю будзе дзейнічаць «Студыя Smartfilm». Гэта адукацыйная праграма для тых, хто ўжо здымае ці толькі збіраецца зняць мабільнае кіно. Летась заняткі ў Студыі наведалі 600 чалавек, сфармаваўшы вакол фэсту сапраўдную супольнасць. Гэтым разам пройдзе яшчэ больш майстар-класаў з дыскусіямі ў фармаце «ток-шоў» і моцнай праграмай воркшопаў ад практыкаў кінематографа.

«Калекцыя velcom Smartfilm – гэта ўжо больш 600 відэаролікаў, – адзначае начальнік аддзелу маркетынга velcom Юлія Дайнэка. – Гэта сапраўдная відэатэка, корпус фільмаў, па якім можна вывучаць як змяняюцца тэхналогіі, уяўленне пра жанры і папулярнасць тэм».

У журы фэсту velcom Smartfilm сёлета ўвайшоў праграмны дырэктар Менскага міжнароднага кінафэсту «Лістапад» Ігар Сукманаў:

«Прызнаюся, летась, калі мы рыхтаваліся да фэсту, у мяне быў пэўны скепсіс. Падавалася, мабільнае кіно – гэта хобі, дзе замест акцёраў можна зняць любімых сяброў, і ў канчатковым выніку проста выпрабаваць шчасце на конкурсе. Але пасля прагляду прац стала ясна – гэтае меркаванне памылкова. Вынік уразіў як арганізатараў фэсту, так і звычайных гледачоў. Сёння нацыянальная праграма «Лістапада» шмат у чым сфармавана працамі ўдзельнікаў velcom Smartfilm».

Вядомы кінааналітык і культуролаг Максім Жбанкоў, таксама падзяліўся сваімі разважаннямі наконт тэмы фестывалю:

«Буктрэйлер гэта месца сустрэчы аўтара літаратара і аўтара кінарэжысёра. І фактычна, тое, што адбываецца ў буктэлінгу, гэта як раз і ёсць тое як рэжысёр не прачытаў кніжку, а як ён яе эмацыйна перажыў. І, менавіта таму, буктрэйлер – падвоены агент, бо ён працуе адначасова ў двух кірунках. І, магчыма, хтосьці праз кароткі фільм буктрэлер звернецца да літаратурнага тэксту, а хтосьці наадварот. – і выказаў хваляванні адносна ролі беларускай мовы ў фестывалі. – Я вельмі баюся, што ўдзельнікі вырашаць, што мова гэта тое, што зараз прадаецца. То бок трэба рабіць на мове – і тады ўсё пакаціць. Я бы хацеў сказаць, што вось такі каньюктурны падыход як да беларускасці, ён на мой погляд не мае ніякіх падстаў. Прынамсі, з пункту гледжання нашага журы. Я напэўна выкажу агульную думку: пераможца будзе – не перад усім беларускамоўнасць. Пераможа – якаснае, тэхнічнае, пераканаўчае аўтарскае выказванне. Мова гэта крута, мова гэта выдатна, але гэта не адзіны плюс нашага магчымага пераможцы».

Рэжысёр-дакументаліст, Андрэй Куціла, зазначыў:

«Хацеў бы сказаць, што я чакаю не столькі буктрэйлеру на беларускай мове, колькі буктрэйлераў зробленых па беларускай літаратуры. Для мяне важна, каб людзі рабілі буктрэйлеры па беларускай літаратуры, а мова гэта ўжо іншая справа».

Прысвечаныя літаратурным творам працы ўдзельнікаў фэсту будуць ацэньвацца ў 13 намінацыях: лепшы буктрэйлер у жанры хорар, дэтэктыў, драма, лепшае прома коміксу, лепшы мантаж, лепшая праца з гукам і інш.

Гран-пры фэсту сёлета складзе 30 мільёнаў рублёў. Прызамі ў намінацыях «лепшы мантаж», «лепшыя спецэфекты» і «лепшая праца з гукам» стануць смартфоны Lumia 550, у астатніх намінацыях – Lumia 950 ад партнёра фэсту кампаніі Microsoft.

Адмысловы прыз пятага фэсту velcom Smartfilm будзе ўручаны ў намінацыі «Лепшы буктрэйлер беларускай літаратуры». Адкрыць нанова беларускую літаратуру з дапамогай мабільнага кіно дапаможа мастліт – экспертная супольнасць вядомых беларускіх майстроў слова. У яго, у прыватнасці, увойдуць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, пісьменнік Віктар Марціновіч і сцэнарыст Андрэй Курэйчык. Адмыслова для velcom Smartfilm яны рыхтуюць «Партфоліа» – топ-10 лепшых беларускіх твораў, якія заслугоўваюць экранізацыі.

«Партфоліа» будзе прэзентавана на першым майстар-класе Студыі Smartfilm. Больш таго, у рамках фэсту і пад патранажам мастліта ў Менску ў снежні па аналогіі з Ноччу музеяў пройдзе Ноч бібліятэк. Вядомыя беларускія аўтары і медыяперсоны публічна прачытаюць урыўкі са сваіх любімых літаратурных твораў і будуць абмяркоўваць «адзінства і супрацьлегласць» двух жанраў – літаратуры і кіно.

«Беларуская літаратура не проста існуе – яна цяпер актыўна выходзіць са свайго «падзямелля». І дзякуючы такім фэстам, як velcom Smartfilm, можа быць «выцягнута» пад святло «сафітаў», – лічыць пісьменнік Віктар Марціновіч, які анансаваў на адкрыцці прэс-канферэнцыі хуткі выхад новага раману «Возера радасці». Падрабязна анансаваць кнігу Марціновіч будзе на адным з майстар-класаў velcom Smartfilm.

На адкрыцці малады рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, прызёр velcom Smartfilm, пераможца венскага кінафэсту "Let's CEE Film Festival" адзначыў, што пачаў свой шлях дзякуючы фэсту мабільнага кіно: «Маладым беларускім рэжысёрам бракуе ўпэўненасці. Хочацца пажадаць удзельнікам проста рабіць тое, што яны ўмеюць і так, як яны лічаць патрэбным. Некалькі гадоў назад я выпадкова ўбачыў рэкламу velcom Smartfilm. Апынулася, што тэлефона, які ў мяне ў кішэні, достаткова, каб зняць кіно і прыняць удзел».

Правілы ўдзелу, усе навіны фэсту і рэгістрацыя на майстар-класы будуць даступныя на афіцыйным сайце velcom Smartfilm

Тэрміны правядзення фэсту: 10 лістапада 2015 - 12 лютага 2016.

Этапы фэсту:

З’ёмкі і прыём прац: 10 лістапада 2015 - 31 студзеня 2016 уключна.

Вызначэнне пераможцаў: 1 лютага - 11 лютага 2016.

Закрыццё фэсту і ўзнагароджанне пераможцаў: 12 лютага 2016.

Фота: Юля Сакалоўская


Юля Сакалоўская 16:35, 12.11.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1226 seconds.