Фэст моцных хлопцаў: у Менску адбыўся злёт беларускіх уокаўцераў

Street Workout — гэта вельмі бюджэтная спартовая забава. З ангельскай перакладае як «вулічная трэніроўка», што адразу выдае сутнасць гэтай з’явы. Маладыя людзі, вельмі часта школьнікі, збіраюцца на супольныя трэніроўкі на адкрытых спартовых пляцоўках дзесьці ў дварах спальных раёнаў вялікіх гарадоў, каб, як яны самі кажуць, «заняцца фізічным развіццём». Рух «уок’аўцераў» ці турнікмэнаў паўстаў адносна нядаўна. А аб’яднанне яго адбылося не без удзелу сацыяльных сетак (найперш VK).

Workout — з’ява ў Беларусі на колькі новая, на столькі ж поўная энергіі і прывабнасці для многіх хлопцаў і дзяўчын 14–19 гадоў. Прыкладна гэтую ўзроставую катэгорыю прадстаўляла большасць наведвальнікаў падзеі пад назовам «Фестываль здаровага ладу жыцця 2012», што адбыўся ў Менску на выходных.

Нягледзячы на наяўнасць ва ўласным назове руху слова «вуліца», паказальныя выступы ўдзельнікаў фэсту адбыліся ў закрытым памяшканні гіганцкага спартовага комплексу на ўскрайку Менска. Часам падзея нагадвала паказальны ўрок фізкультуры, а часам — разняволеную тусоўку аднадумцаў з элементамі шоў. Мускулістыя хлопцы, вельмі часта з аголеным торсам, выконвалі нейкія нерэальныя практыкаванні на звычайных турніках і брусах, што можна знайсці амаль у кожным мікрараёне.

Не хапала толькі дзяўчын. Прынамсі, гэтым разам  выступіць на перакладзінах наважылася толькі адна менская дзяўчына Маша Дзяменцьева. Але каманда Машы Hard Style Team не ўвайшла ў лік пераможцаў, у адрозненні ад іншай менскай каманды з гэткім самым назовам, што заняла другое месца ў камандных спаборніцтвах.

Высветлілася, што малады рух ужо мае ўласны набор стандартаў у практыкаваннях (паспрабуйце, напрыклад, у гарызантальным становішчы павісець на перакладзіне з хвіліну). Гэтак сама як і ўласных зорак. Напрыклад, пераможца катэгорыі сілавога фрыстайлу Аляксей Сцепаненка з Магілёву ўжо мае некалькі перамогаў у падобных спаборніцтвах, што толькі пачынаюць з’яўляюцца ў Беларусі.

Каб трэніравацца самастойна, трэба няшмат. Веды і аднадумцаў можна знайсці ў адпаведнай групе ў сацыяльных сетках (напрыклад, Street Workout Belarus). Турнік і ўзімку, і летам даступны ў двары. А для сур’ёзных фэстаў можа знайсціся спонсар. У дадзеным выпадку галоўным фундатарам здаровага ладу жыцця беларускай моладзі аказалася Coca-Cola.

Але галоўнае ва ўорк’аўце не спаборніцтвы. Тут кожны працуе сам на сябе, на ўласнае цела, здольнасці і трываласць. Узнагарода, як і пасля многіх іншых спартовых трэніровак, цяжка апісаць словамі. Яна звязаная з той ўнутранай энергіяй, што троху змяняе адчуванне свету і сябе да лепшага. І, часам, увага іншых. Гэта таго варта.

Болей фота з Фестывалю здаровага ладу жыцця

Фота Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3094 seconds.