Надзін з Германіі: «Пра мяне казалі „Cмотри, она говорит „яйкі“ вместо „яйца“!»

Надзін Лашук

Немка Надзін Лашук пачала вучыць беларускую з вельмі незвычайнай прычыны: бойфрэнд адмовіўся размаўляць з ёй па-расейску. Нягледзячы на тое, што ў БДУ, дзе дзяўчына праходзіла стажыроўку, вучыць беларускай адмовіліся, Надзін не спыніла пошукі і сустрэла сваю настаўніцу ў цягніку Менск-Вільня. Пасля году заняткаў пара перайшла на беларуска-нямецкія дыялогі, неўзабаве маладыя пабраліся шлюбам. Цяпер Надзін — маці двухмоўнага дзіцёнка і мінчанка, што саромецца размаўляць па-беларуску ў горадзе.

Надзін Лашук нарадзілася ў Нямеччыне, палітолаг. Працавала ў Мінскім міжнародным адукацыйнам цэнтры ІВВ і ў Фондзе Роберта Боша. Цяпер працуе над першай нямецка-беларускай дысертацыяй, піша артыкулы для Belarus Digest і ва ўласны блог. Жыве з мужам і сынам ў Мінску.

Вучыць беларускую мову пачала пасля адмовы майго былога бойфрэнда (які зараз з’яўляецца маім мужам) размаўляць са мной па-расейску. Каб зразумець, пра што ён гутарыў са сваімі сябрамі і сваякамі, давялося вучыць беларускую мову. Таксама мне, як палітолагу, з прафесійнага пункту гледжання карысна ведаць так званую мову «апазіцыі» і мову культуры Беларусі.

Даволі доўга шукала настаўніка беларускай мовы. У БДУ, дзе я праходзіла стажыроўку, мне шчыра сказалі, што вучыць беларускую мову ў іх немагчыма. З маёй цудоўнай выкладчыцай я сустрэлася выпадкова. Мы ехалі ў адным купэ ў цягніку на Вільню. Яна займалася са мной па падручніках і па сваіх уласных метадычных распрацоўках.

Пасля году заняткаў з выкладчыцай мы з мужам перайшлі з размоваў паміж сабою на ангельскай да прынцыпу «кожны размаўляе на сваёй мове»: я — па-нямецку, ён — па-беларуску .

«Мне сорамна размаўляць па-беларуску»

Мне сорамна ў Мінску размаўляць па-беларуску, таму што большасць людзей робяць выгляд, што не разумеюць беларускую мову. Для мяне, як замежніцы, у якой усё ж такі існуе моўны бар’ер, гэта непрыемна. Але мне лягчэй размаўляць па-беларуску, чым па-расейску. З сябрамі мы заўсёды гутарым па-беларуску, а на працы я была для калегаў вялікай экзотыкай. Пра мяне, напрыклад, казалі: «Cмотри, она говорит „яйкі“ вместо „яйца“!».

Самае складанае тое, што проста на вуліцы не гавораць па-беларуску. Беларуская ўяўляе сабой яшчэ адну мову, носьбіты якой на ёй не размаўляюць. Акрамя таго, для мяне цяжка вучыць чыстую беларускую мову, а не трасянку, бо мала хто ведае літаратурную мову.

«Наш сын гадуецца двухмоўным»

Па-беларуску размаўляю штодня, бо мой муж са мной размаўляе па-беларуску, а наш сын гадуецца двухмоўным. Казіку зараз 1 год і 1 месяц, і нам з мужам вельмі цікава глядзець, як ён вучыцца размаўляць: і па-нямецку, і па-беларуску. Хутчэй за ўсё ён вучыць так званыя «транспарэнтныя» словы — тыя, якія прыкладна аднолькава гучаць у абедзвюх мовах. Іх даволі шмат, напрыклад: мама, папа, лямпа, парк, банан і г.д. Некаторыя словы Казік разумее на двух мовах, але кажа ў адным варыянце: баба і ляля — па-беларуску, Ball (мяч) i alle (няма) — па-нямецку .

Мне, як нямецкамоўнай, было вельмі лёгка спачатку чытаць беларускія пераклады кніг Астрыд Ліндгрэн, бо структура сказаў блізкая да шведскага арыгіналу. А самае галоўнае, безумоўна, — проста пачаць размаўляць.

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0783 seconds.