Сусветны рэйтынг: У Беларусі ўсё такі ж несвабодны Інтэрнэт

Паводле няўрадавай амерыканскай арганізацыі Freedom House беларускі Інтэрнэт — самы несвабодны ў Еўропе і адзін з самых несвабодных у свеце. Зрэшты, ступень абмежаванняў для байнэту за апошні год амаль не змянілася.


Беларусь трапіла ў лік 13 краін, дзе Інтэрнэт несвабодны

Freedom House выпусціла спаваздачу «Свабода Інтэрнэту 2012», у якім назвала беларускі сегмент сусветнага павуціння ў ліку 13 несвабодных. Беларусь займае 37-е месца ў рэйтынгу Freedom House, саступаючы толькі такім азіяцкім і афрыканскім рэжымам, як Бахрэйн, Бірма, Узбекістан. Найбольшыя абмежаванні на карыстанне Інтэрнэтам накладаюцца на Кубе і ў Іране. Найменш абмежаваны Інтэрнэт можна знайсці ў Эстоніі і ЗША.

У справаздачы эксперты Freedom House адзначылі тое, што ўлады Беларусі перыядычна блакуюць некаторыя незалежныя сайты з пэўнымі выказваннямі і заклікамі. Таксама ў нашай краіне ўводзяцца новыя законы для цэнзуры Інтэрнэту, назіраюцца выпадкі раскрыцця ананімнасці інтэрнэт-карыстальнікаў, арышты блогераў і кібер-атакі супраць апазіцыйных сайтаў.

Аднак абмежаванні і рэпрэсіі ў Байнэце кампенсуюцца дынамізмам беларускага Інтэрнэту. У выніку эксперты прыйшлі да высновы, што ступень несвабоды Сеціва ў Беларусі не змянілася ў параўнанні з 2011 г. У большасці краін з несвабодным Інтэрнатам сітуацыя за апошні год толькі пагоршылася. Выключэннем стала Бірма.

Характэрна, што справаздача Freedom House выйшла праз некалькі дзён пасля паведамленняў аб новых абмежаваннях на дзейнасць беларускіх інтэрнэт-сайтаў. 23 верасня ў дзень асноўнага галасавання на парламенцкіх выбарах некалькі сайтаў, што публікавалі дадзеныя аб яўцы выбаршчыкаў, аказаліся заблакаванымі.

У прыватнасці, беларускія карыстальнікі некалькі гадзін не маглі адкрыць сайты партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рухаў «За справядлівыя выбары» і «За свабоду», а таксама сайт Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2922 seconds.