Хлопец са Жлобіну атрымаў на конкурсе маладых навукоўцаў ЕС €3500

Таленавіты хлопец з маленькага беларускага гораду апынуўся сярод прызёраў еўрапейскага конкурсу маладых навукоўцаў, фінал якога толькі што завяршыўшся ў Браціславе. Там маладыя навукоўцы ўзростам ад 14 да 20 году прадставілі 83 навуковыя праекты з 37 краін. Кожны праект мусіў быць створаны падчас навучання ў школе — такая галоўная ўмова конкурсу.

Трэцяе месца на Спаборніцтве маладых навукоўцаў Еўрапейскага саюзу заняў 17-гадовы юнак са Жлобіну Павал Літвінка. За гэта ён атрымаў прыз у памеры 3500 еўра. Беларускі першакурснік прадставіў у сталіцы Славакіі праект пад назовам «Impossible box». Ягонае вынаходніцтва здольнае ператвараць малюнак на плоскасці ў 3D выяву.

На выніковую канферэнцыю Спаборніцтва ў Браціславе з’ехаліся маладыя геніі з Еўропы і такіх краін, як Кітай і ЗША, якія прадстаўлялі праекты ў, збольшага, дакладных навуках.

«Канферэнцыя мела стэндавы фармат: мы рыхтавалі плакаты і стаялі ля стэндаў. Даводзілася стаяць тры дні з 9 да 17 і распавядаць кожнаму, хто падыходзіў, пра свой праект, — распавёў Павал Літвінка Generation.by. — Падыходзілі не толькі суддзі, але і прадпрымальнікі розныя, асабліва тыя, хто працуе ў сферы дызайну. Мне нават часу не ставала, каб паглядзець астатнія працы ўдзельнікаў».

Павал даўна захапляецца праграмаваннем. Акрамя гэтага юнак скончыў мастацкую школу і вельмі любіць маляваць. Таму і вырашыў гэта неяк спалучыць у сваім праекце, які распрацаваў яшчэ ў 11 класе.

«Я зрабіў тэхналогію, якая дазваляе ператварыць плоскі малюнак у трохмерны. Распрацаваў кампутаровую праграму і прыстасаванне — галаграфічны дысплей. Дысплей зрабіў з падручных матэрыялаў, з усяго, што знайшоў дома», — кажа Павал.

Апошнія тры гады хлопец ездзіць па навуковых івэнтах і займае прызавыя месцы. Сярод апошніх: першае месца на Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі і другое месца на Канферэнцыі маладых навукоўцаў у Нідэрландах, дзякуючы якому Паўла Літвінка сёлета прынялі ў Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі без іспытаў.

Што рабіць з грашыма, хлопец пакуль не вырашыў, а вось займацца вынаходніцтвам плануе і надалей.

«Нават не ведаю, што рабіць з грашыма. Хутчэй за ўсё буду выкарыстоўваць іх у будучых праектах, бо звычайна яны патрабуюць шмат фінансаў».

Акрамя Паўла ў фінал Спаборніцтва маладых навукоўцаў ЕС трапілі яшчэ два беларускія праекты. Аўтар аднаго з іх, Раман Біруля, таксама ўвайшоў у лік пераможцаў і атрымаў адмысловы прыз кампаніі Intel. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.079 seconds.