Маршрут гульні ў гарадское арыентаванне чыноўнікі загадалі зацвердзіць у службе бяспекі прэзідэнта

Масавая гарадская гульня «Адрыў», якая цягам некалькіх гадоў праходзіла ў Менску і збірала сотні ўдзельнікаў, сёння была адмененая арганізатарамі з-за невыканальных умоваў з боку гарадскіх чыноўнікаў. У адказ на зварот арганізатараў за дазволам на імпрэзу, мінгарвыканкам прапанаваў правесці гарадское арыентаванне паводле дакладнай схемы руху ўдзельнікаў, і зацвердзіць яго ў ГУУС, Мінскзеленбудзе, МНС і службе бяспекі А. Лукашэнкі.

Чарговая вялікая гульня «Адрыў» была запланаваная на 30 верасня, яна мусіла стаць фінальнай у гэтым сезоне. Але пасля перамоваў з чыноўнікамі арганізатары вымушаныя абвесціць, што ў сучасным прававым полі Беларусі такія гульні больш не магчымыя:

«Мы часова развітваемся з нашымі спаборніцтвамі ў існуючым прававым полі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Гульня «Адрыў» праходзіла ў фармаце гарадскога арыентавання ў некалькіх катэгорыях: пешаходная, транспартная і роварная і збірала з кожным разам ўсё болей удзельнікаў. Напрыклад увесну 2012 у гульні «Адрыў» удзельнічалі 600 чалавек, якія аб’ядналіся ў 297 камандаў.

Каманда-пераможца мусіць разгадаць месцазнаходжанне ўсіх кропак, якія задумалі арганізатары, пракласці самы кароткі маршрут, а затым прайсці яго хутчэй іншых удзельнікаў. Такім чынам, умова чыноўнікаў на дазвол гульні толькі пры складанні аднаго дакладнага маршруту, разбурае саму ідэю гарадскога арыентавання.

«Спаборніцтвы па гарадскім арыентаванні — рэдкае і адзінкавае мерапрыемства. Унікальнае ў сваім родзе. Таму так ужо атрымліваецца, што яно існуе па-за прававым полем. Няма законаў і рэгламентаў, якія тлумачылі б, як правільна праводзіць такія спаборніцтвы. А значыць, кожны мясцовы орган кіравання піша такія інструкцыі і рэгламенты сам, у меру свайго разумення», — тлумачыць Generation.by галоўны арганізатар гульні Аляксей Парасяцьеў.

«Чыноўнікі самі часта зусім не ў курсе, як менавіта праходзяць мерапрыемствы, не ведаюць і ведаць не хочуць — так спакайней. І спрабуюць падвесці спаборніцтвы пад меркі існуючых стандартаў — гарадскіх велапрабегаў, бегавых марафонаў, шэсцяў, звычайных спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні ў лесапаркавай зоне. Але ўсе гэтыя спаборніцтвы маюць зусім іншы фармат. У іх ёсць альбо выразная зона правядзення, альбо пэўны маршрут руху "калоны" ўдзельнікаў. У гарадскім арыентаванні зонай з'яўляецца ўвесь горад. Удзельнікі перамяшчаюцца па ім малымі групамі, па 2-3 чалавекі. І вядома, гэты "броўнаўскі рух", непадкантрольны і цяжка адсочваемы, не па душы чыноўнікам. Хоць гульцы ў гарадское арыентаванне нічым не адрозніваюцца ад звычайных мінакоў ці турыстаў, людзей, якія гуляюць па горадзе з мапамі ў рэжыме звычайнай пешай прагулкі або экскурсіі».

Адказ чыноўнікаў арганізатарам гульні «Адрыў»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.