Pub crawling па-беларуску: як расіяне гулялі з «Адрывам» у беларускі алфавіт

Мінулай суботай па Менску ізноў бегалі групы людзей з мапамі ў пошуках таямнічых знакаў. Такім чынам для тых, хто не ў тэме, выглядала звонку першая сумесная гульня па вулічным арыентаванні беларускага праекту «Адрыў» і расійскага «Бегущий город».

Гульня «Цёплыя літары. Мінскі слоўнік» стала трэцяй у серыі «Цёплыя літары» – пасля расійскіх сталіцаў – Масквы і Пецярбурга. Праект «Бегущий город» існуе з 2000 года і ладзіць спаборніцтвы ў расійскіх гарадах, а таксама ў Кіеве. Беларускі праект «Адрыў», пра гульні якога рэгулярна піша Generation.by, таксама не абмяжоўваецца толькі сваёй краінай. Праз 10 год пасля першага «Адрыву», які прайшоў у Менску ў 2004 годзе, «Адрывы» цяпер праходзяць па ўсёй Еўропе.

Літары і кропкі

Туманным ранкам я ішла на старт да ЦЭХа студэнцкай сцежкай праз дворык бальніцы. За трэцім корпусам БДУІРа пачаўся першы квэст – абысці шматлікія зімовыя лужыны і не паслізнуцца. Насустрач спяшаліся самыя спрытныя ўдзельнікі гарадскога марафону, якія ўжо стартанулі. На пляцоўцы, як зазвычай, народу сабралося процьма. Асаблівасць атмасферы «Адрываў» такая, што тут нават самыя сур’ёзныя пачынаюць ззяць усмешкамі.

Зімовая менская гульня набрала рэкордную колькасць удзельнікаў, самы доўгі маршрут і найбольшую колькасць кантрольных пунктаў. Кніжачка, якую атрымлівала кожная каманда на старце, прапаноўвала ўдзельнікам прайсціся па беларускім алфавіце. На кожную літару аўтары падабралі цікавае беларускае слова, а адмыслова для замежнікаў праставілі націскі і пераклады. Літары і словы вялі па ўтульных кавярнях ды іншых атмасферных кропках Менску.

«Бізнэс па-беларуску: год гасціннасці скончаны, можна працаваць па-старому зноў»

Гэтым разам арганізатары у складзе Аляксея Парасяцьева, Асі Кравец, Таты Шыраевай – з беларускага боку, і Ігара Вінакурава з Санкт-Пецярбурга выцягнулі пабегаць па Менску 162 каманды, складам больш за 450 чалавек.

Заснавальнік беларускага праекту «Адрыў» Лёша Парасяцьеў распавядае пра новы вопыт:

«Наогул у Менску такога раней не было. Існаваў «Адрыў», але не было гульні пра месцы. У Еўропе праводзяць такія гульні, завуць іх Pub crawling. Я ў Львове, на Дзень горада, гуляў у такое: 9 піўных бараў за дзень прайсці. У Піцеры два гады таму гуляў у тэматычную гульню на дзень закаханых – мне спадабалася. Вось гэтая кніжачка – гэта канцэпцыя, я вырашыў не капіяваць, а «прывезці» ў Менск арыгінал.

Насамрэч, ужо вельмі даўно была ідэя правесці ў Менску штосьці ад «Бегущего Города», але па розных акалічнасцях не сумяшчалася яно з «Адрывам» – БГ настойвае на сваім фармаце, нам ён не ва ўсім падабаецца. А вось гэтая тэматычная гульня стала кропкай скрыжавання.

У Менску былі крутыя задумкі. Асабліва Батанічны сад – яго адміністрацыя прасякнулася ідэяй гульні (сярод зімы ёсць цёплае месца, аазіс вечнага лета ў Менску – трапічная аранжарэя). Мы зрабілі запыт і ўсіх удзельнікаў гульні ў гэты дзень запрашалі вывучыць экспанаты аранжарэі бясплатна.

Некаторыя месцы ў Менску былі рады бачыць нашых гасцей. Некаторыя апынуліся не гатовыя да такой плыні, сталі жаліцца, што мы ствараем нязручнасць для наведнікаў. І, напрыклад, павесілі на дзверы аб'явы з адказамі на КП, каб унутр нашы ўдзельнікі не зазіралі. Ім лепей відаць :) Вось каментар аднаго з удзельнікаў:

«Не спадабалася – гатовыя адказы ў цёплых КП. Адзін з адказаў быў зусім на дзвярах – уваходзіць не трэба. Уласна – прайграла ў гэтым выпадку сама кавярня – я так і не ведаю што за дзвярамі і жаданне трапляць туды не ўзнікае».

Мы не можам гэта каментаваць – з аднаго боку, нашых удзельнікаў сапраўды шмат, і яны часам могуць стварыць невялікі натоўп. З іншага – гэта наш бізнэс па-беларуску. Год гасціннасці скончаны, можна працаваць па-старому зноў. І прасцей зачыніцца зусім. Бо нашы ўдзельнікі – так, імгненна яны не замовяць нічога, але калі ім спадабаецца атмасфера месца, потым яны абавязкова вернуцца. Можа адзін раз, а можа і ўвесь час прыходзіць будуць.

Але ў цэлым гульня атрымалася! Было вельмі шмат кропак, але ўдзельнікі жадалі каб не кропак было менш, а каб таймаўт быў больш!»

Дайсці да «Цэнтральнага»

Першым месцам, куды накіравалася я са здымачом, быў каларытны «Cinema Bar», сцены якога аздоблены шматлікімі грамафоннымі пласцінкамі. Далейшы шлях вёў за пытаннем пра трэці кампанент трэцяга адвару асенне-зімовай прапановы ў «Caffe del Parco». Там было цёпла і на ўваходзе сустракалі вялікі кубак гарачага напою ды ровар.

У наступным пункце маршруту, Музеі гісторыі беларускага кіно, цікава было дазнацца, што за рэспубліка змяшчаецца на калажы побач з уваходам.

Наш алфавіт складаецца з 32 літар, таму, нават наведаўшы мноства КП, нямала кропак засталіся для будучых сустрэч. Маім жа фіналам у гэтым цёплым гарадскім шпацыры стаўся легендарны кафетэрый універсама «Цэнтральны». Дзе трэба было сярод заўзятых наведвальнікаў-маргіналаў (з яго нязменным фірмовым водарам) адшукаць рэльефныя нацюрморты на сценах і падлічыць колькасць зорак на этыкетках бутэлек з напоямі.

23 кіламетры пад зімовым дажджом

Апошняя субота студзеня 2015 выдалася ў Менску надзвычай незімовай. Каментары ўдзельнікаў суботняй гульні таксама атрымаліся гарачымі.

Кацярына Афанасьева, удзельніца з Масквы:

«Гэта была першая паездка ў Мінск. Дзякуй арганізатарам за такое цёплае знаёмства з горадам, калі, не гледзячы на дождж і лёд, хочацца ўсміхацца, глядзець па баках і думаць, што будзе далей... Вельмі хацелася, каб час не сканчаўся... Атрымала велізарнае задавальненне, вельмі хочацца прыехаць яшчэ раз!»

Анастасія Вішнеўская з Менску:

«З сёстрамі ўдзельнічалі ў гульні «Цёплыя літары», цэлы дзень бегалі па горадзе, адгадвалі загадкі, цешыліся як ненармальныя новым здагадкам і рашэнням. І, вядома ж, моклі пад максімальна праліўным дажджом. Хто ж ведаў, якім можа быць 31 студзеня! У агульнай складанасці прайшлі каля дваццаці трох кіламетраў, заскочылі ў астранамічную колькасць новых месцаў. І я пазнала пра свой родны горад гэтулькі ўсяго новага, колькі, напэўна, сорамна пазнаць мінчучцы ў як-мінімум-чацвёртым-пакаленні, якая увесь час гуляе па горадзе. Ўсім арганізатарам і ўдзельнікам peace і ўсяго добрага!»

Падзякі камандзе арганізатараў таксама дасылае нязменны рэпарцёр Generation.by з беларускіх «Адрываў», сардэчна вашая, Юля Fox.

Болей фотаздымкаў у фотаблогу: Цёплы літаральны «Адрыў»


Юля Сакалоўская 09:07, 04.02.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0469 seconds.