Раварысты-валанцёры размалююць беларускія лясы бчб-стужкамі

Раварысты-энтузіясты вырашылі палегчыць жыцьцё турыстам і пазначыць вартыя таго маршруты адмысловымі знакамі. Ад сёньня валанцёрскія групы прадстаўнікоў Менскага роварнага таварыства пачынаюць разьведку і апісаньне веламаршрутаў па ўсёй Беларусі.


Такія знакі зьявяцца ў хуткім часе ў беларускіх лясах

Менскае роварнае таварыства распачынае вялікую працу — стварэньне велятурыстычных маршрутаў па ўсёй Беларусі. Стварэньне — гэта значыць разьведка, маркіраваньне, апісаньне, стварэньне сайта.

«Існуе мноства роварных турыстычных маршрутаў, распрацаваных мясцовымі ініцыятывамі, але нідзе няма ні цэнтралізаванага каталёгу зь інфармацыяй аб такіх маршрутах, ні рэкамэндацый па іх стварэньні», — ахарактарызавалі interfax.by сваю місію арганізатары праекту.

Пасьля стварэньня і разьметкі маршрутаў будзе сабраны адмысловы каталёг.

«Задача, безумоўна, глябальная, таму пачнем мы з пазначэньня ўжо праверанага 20-кілямэтровага маршрута недалёка ад Валожыну», — гаворыцца на сайце арганізатараў праекту. Першая група валянтэраў пачынае працаваць у Валожынскім раёне ўжо 30 ліпеня.

Некаторыя маршруты будуць пазначацца бел-чырвона-белымі стужкамі. Такое спалучэньне колераў у Беларусі мае розныя сэнсы, аднак пазьбягаць яго раварысты не зьбіраюцца.

«Гэта тыповая маркіроўка роварных маршрутаў, вядомая з савецкіх часоў. Менавіта яе мы бралі за аснову. Таксама яна ўжываецца ў многіх іншых краінах», — тлумачыць старшыня праўленьня «Менскага роварнага таварыства» Яўген Харужы. Акрамя гэтага ў стандартную колеравую гаму для пазначэньня роварных маршрутаў увойдуць чырвоны, зялёны, жоўты і сіні колеры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0734 seconds.