Студінтэрнаты, а таксама вуліцы Менску і Нясьвіжу пакрые Wi-Fi Белтэлекаму

Белтэлекам абяцае пакрыць шэраг гарадоў Беларусі вулічнымі сеткамі бяздротавага доступу ў Інтэрнэт па тэхналёгіі Wi-Fi. Але тое — аддаленыя пляны. У найбліжэйшых — правесьці бяздротавы Інтэрнэт практычна ў кожны нумар беларускіх гатэляў, пашырыць сеткі ў студэнцкіх інтэрнатах, а таксама на тэрыторыі спортпляцовак ЧС-2014 па хакеі.


Без такіх картак пахвіліннага доступу ў Інтэрнэт праз Wi-Fi Белтэлекаму ня трапіш

Нацыянальны апэратар электрасувязі «Белтэлекам» плянуе значна пашырыць сетку бяздротавай сувязі Wi-Fi у буйнейшых беларускіх гарадах. Пра гэта IT.TUT.BY паведаміў генэральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Папкоў.

Па словах Папкова, гаворка пакуль што ідзе толькі пра сталіцы і абласныя цэнтры, а таксама найбуйнейшыя турыстычных гарады Беларусі — Мір і Нясьвіж. На вуліцах гэтых гарадоў у аддаленай пэрспэктыве зьявіцца магчымасьць заходзіць у Інтэрнэт з мабільных дэвайсаў праз інфраструктуру Белтэлекаму. Якім чынам будзе праводзіцца збор пашпартных дадзеных карыстальнікаў Wi-Fi, а таксама, ці будзе ён платны, гендырэктар не ўдакладніў.

А пакуль Белтэлекам рыхтуецца да Чэмпіянату сьвету па хакеі, што мусіць адбыцца менш як праз два гады. Да гэтага моманту Wi-Fi зьявіцца ў месцах хакейных баталій — «Мінск-Арэне», Чыжоўскай арэне і іншых падобных месцах. Акрамя гэтага арганізацыя занятыя разгортваньнем бясплатнага Wi-Fi на «Славянскім базары».

Таксама Белтэлекам абяцае правесьці Wi-Fi «практычна ў кожны нумар» беларускіх гатэляў. Болей бяздротавага Інтэрнэту будзе і ў студэнцкіх інтэрнатах.

А вось у цягніках, нават бізнэс-клясу, хот-спотаў Wi-Fi пакуль ня будзе: паводле словаў кіраўніка Белтэлекаму, для гэтага не хапае паўнавартаснага стабільнага доступу ў сетку ўздоўж чыгунак праз 3G-тэхналёгію.

Цяпер па ўсёй Беларусі працуюць болей за 1 000 кропак доступу Wi-Fi Белтэлекаму.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1763 seconds.