Кожны трэці настаўнік бяжыць зь вёскі пасьля разьмеркаваньня


© Юра Сідун, Generation.by

Прыкладна траціна ад усіх выпускнікоў ВНУ пасьля сканчэньня адпрацоўкі па разьмеркаваньні зьязджае зь вёсак у гарады альбо цалкам сыходзіць з прафэсіі. Заробкі ж тых, хто застаецца ў школах, на трэці год працы толькі падаюць.

Маладыя настаўнікі ў час разьмеркаваньня зарабляюць у Беларусі ў сярэднім $222. І гэта яшчэ нядрэнная сума: пасьля сканчэньня адпрацоўкі разьмеркаваньня праз два гады настаўнікі страчваюць статус «маладога спэцыяліста», а зь ім і частку заробку. Хаця і тое яшчэ ня самы горшы варыянт: абслугоўваючы пэрсанал у школах, напрыклад, зарабляе $137.

«Зусім ня дзіўна, што, адпрацаваўшы належны тэрмін па разьмеркаваньні, сельская моладзь зьязджае ў горад, а гараджане дзеля больш высокіх заробкаў увогуле сыходзяць з галіны, — кажа ў інтэрвію «Звяздзе» кіраўнік Беларускага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. — Так, праведзены прафсаюзам у кастрычніку 2011 года маніторынг паказаў, што ў галіне адукацыі працягваюць працаваць 68.5% маладых спэцыялістаў, а астатнія, адпрацаваўшы ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін, звальняюцца і пераходзяць на працу ў арганізацыі іншых сфэраў эканомікі.

«Патрэба ў маладых спэцыялістах ёсьць, і сыстэма пэдагагічнай адукацыі ў стане іх падрыхтаваць, але галіна пакуль ня ў стане іх утрымаць», — прызнае Аляксандр Бойка.

Але парадокс беларускай сыстэмы адукацыі ў тым, што «амалоджваць» склад выкладчыкаў імкнуцца адначасова з захаваньнем на пасадах пэнсіянэраў, чыя пэнсія не дацягвае нават да заробку маладога настаўніка бяз стажу. Паралельна з гэтым у ВНУ разгортваецца рэформа, якая пагражае звальненьнем сотням выкладчыкаў, найперш гуманітарных дысцыплінаў:

«Відавочны той факт, што вызваленьне пэдагагічных работнікаў усё ж такі адбудзецца, — кажа старшыня прафкаму супрацоўнікаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Ларыса Гімпель. — Можна меркаваць, што кожная ВНУ будзе імкнуцца захаваць сваіх самых вопытных спэцыялістаў, — дадае яна і адзначае пры гэтым, што мэханізм рэформы і яе наступствы для выкладчыкаў унівэрсытэтаў пакуль незразумелыя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.084 seconds.