Выкладчыкаў ВНУ прымусяць «перабудавацца»

Большасьць ВНУ Беларусі ў бліжэйшыя два гады пяройдуць на чатырохгадовы тэрмін навучаньня. Акрамя гэтага значна будзе скарочаны блёк гуманітарных дысцыплінаў. У выніку многія выкладчыкі рызыкуюць застацца бяз працы. Міністар Маскевіч прапануе выкладчыкам «перабудавацца», хаця тое не пазбавіць іх ад верагоднасьці страціць працу.


Ня ўсе выкладчыкі дапрацуюць да пэнсіі. Фота БДУ

«Колькасьць навучальных гадзін ва ўнівэрсытэтах […] будзе скарачацца, — прызнаецца міністар адукацыі Сяргей Маскевіч, які і стаў ініцыятарам цяперашняй рэформы вышэйшай адукацыі. У яе межах больш чым на траціне спэцыяльнасьцяў у беларускіх ВНУ працягласьць навучаньня будзе скарочаная да чатырох альбо чатырох з паловай гадоў. Унівэрсытэт культуры і Акадэмія кіраваньня пяройдуць на скарочаныя тэрміны навучаньня на ўсіх спэцыяльнасьцях ужо з гэтага году.

Адначасова працягласьць вывучэньня гуманітарных дысцыплінаў скароцяць у 2 разы для тых, хто будзе вучыцца 5 гадоў і на 40% для тых, хто атрымае дыплём за 4 гады. Многія выкладчыкі ўжо адчулі праблемы з загружанасьцю на наступны навучальны год: выкладаць ужо няма каму.

«Мы павялічым колькасьць гадзін, адведзеных на навуку, будзем больш плаціць за кіраўніцтва дыплёмнымі працамі, магістэрскімі дысэртацыямі, працу з асьпірантамі, — абяцае Маскевіч. — Разьлічваем, што выкладчыкі правільна зразумеюць неабходнасьць перабудоўвацца, будуць больш займацца творчай, мэтадычнай, навукова-мэтадычнай працай».

«Выкладчыкам, якія прывыклі проста перадаваць студэнтам напрацаваны матэрыял, давядзецца мяняць свае падыходы да пэдагагічнаму працэсу», — дадаў Маскевіч у інтэрвію «Народнай газэце».

Акрамя гэтага, міністар спадзяецца спыніць рост набору, а эфэктыўнасьць працы ВНУ вызначаць якасьцю выкладаньня. Тыя ж унівэрсытэты, чые супрацоўнікі ня здолеюць «перабудоўвацца», прымусяць звальняць выкладчыкаў:

«Калі ВНУ ня будзе разьвівацца, яна можа сутыкнуцца зь неабходнасьцю скарачэньня колькасьці пэдагогаў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.077 seconds.