Студэнтка БДУ: у студэнцкай вёсцы «тулімся як кітайцы»

Студэнтка новага інтэрнату БДУ распавядае пра ўмовы жыцьця ў студэнцкай вёсцы — у яе маленькі пакой на трох чалавек засялілі чацьвертую студэнтку, тым самым, на яе думку, парушыўшы заканадаўства. Мы публікуем ліст дзяўчыны зь некаторымі скарачэньнямі.

У інтэрнаце № 11 пражываюць збольшага студэнты юрфаку і факультэту міжнародных адносінаў БДУ — самыя дарагія факультэты, дзе з 1 лютага аплата ўзрасла да 12 мільёнаў. Цана пражываньня ў інтэрнаце № 11, замацаваным за гэтымі факультэтамі, у мінулым годзе складала каля 16 тыс. рублёў. З восені 2011 года аплата ўзрасла да 105 тыс. рублёў, што, у прынцыпе, таксама было прымальна, улічваючы ўмовы пражываньня (у інтэрнаце блёкавая сыстэма, у блёку — пакой на двух чалавек, пакой на трох чалавек, кухня і асобны санвузел). Адкрыцьцё інтэрнату асьвятлялася ледзьве не па ўсіх дзяржаўных каналах.

Цяпер у «траячкі» даставілі чацьвёрты ложак і з дня на дзень мусяць засяліць чацьвёртага чалавека. Блёкі па мэтражы не аднолькавыя, ёсьць зусім маленькія такія, як мой. Тут і для трох ня надта шмат месца, а ў чацьвярых і зусім прыйдзецца сьціскацца, як кітайцам.

Больш за тое, калі чацьвёрты ложак занесьлі, напрыклад, у мой блёк, то яго проста кінулі пасярод пакою, не клапоцячыся, што з новай расстаноўкай ні да шафы, ні да свайго ложку я падысьці не магла. Форд Баяр нейкі атрымліваецца — прайсьці з аднаго канца пакою ў іншы вельмі складана.

Пазьней мы з суседкамі зрабілі перастаноўку: зьявіўся хаця б свабодны праход, але месца ўсё роўна відавочна мала. І было б ня так крыўдна, калі б з красавіка мы не павінныя былі плаціць за інтэрнат яшчэ болей за тое, што тулімся як кітайцы. І гэта інтэрнат першай катэгорыі.

Акрамя гэтага, існуе нарматыўны прававы акт, згодна зь якім у інтэрнатах на 1 чалавека павінна быць ня менш як 6 кв. мэтраў жылой плошчы (Пастанова Савета Міністраў № 1437 «Аб зацьвярджэньні палажэньня аб інтэрнатах і тыпавога дагавора найму жылога памяшканьня дзяржаўнага жыльлёвага фонду ў інтэрнаце», п.25). Гэта значыць, што тое, што робіць адміністрацыя студэнцкага гарадка разам з загадчыцай, ня проста зьдзек з студэнтаў, гэта яшчэ і незаконна.

Маё імя і прозьвішча не паказвайце, калі ласка. Інакш у наступным годзе наўрад ці мяне заселяць:)

Дасылайце гісторыя з вашага жыцьця ў студэнцкіх інтэрнатах альбо запрашайце да сябе ў госьці: нашы фатографы адлюструюць ваш студэнцкі сьвет ў лепшых адценьнях. Самыя цікавыя гісторыі будуць адзначаныя падарункамі:)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0683 seconds.