Палову новага інтэрнату БНТУ аддадуць кітайскім студэнтам

Сапраўдны чайнатаўн можа зьявіцца пад дахам БНТУ: кітайцы хочуць будаваць студінтэрнат на пляцоўцы ўнівэрсытэту, каб пасьля заняць палову месцаў у ім.

На тое, што месца ў студінтэрнаце атрымаць амаль немагчыма з-за мноства замежных навучэнцаў, студэнты паскардзіліся міністру адукацыі Сяргею Маскевічу ў час онлайн-канфэрэнцыі на БТ:

«У менскіх ВНУ навучаецца шмат замежных студэнтаў, якім абавязкова прадастаўляецца інтэрнат. У той жа час нашым іншагароднім студэнтам месцаў у інтэрнатах катастрафічна не хапае. Яны вымушаныя падшукваць здымнае жыльлё, якое каштуе нятанна. Чым нашы студэнты горшыя за кітайскіх альбо в’етнамскіх?» — пытаецца ў міністра Мікалай зь Менску.

Маскевіч зьбіраецца вырашаць праблему нечаканым чынам. Цяпер беларускім студэнтам інтэрнаты будуць будаваць тыя ж самыя кітайцы. Жыць у іх у выніку таксама будуць кітайцы. У палове пакояў:

«Ёсьць беларуска-кітайскі праект будаўніцтва інтэрнатаў на пляцоўцы БНТУ, дзе палова месцаў будзе аддадзеная беларускім студэнтам, а другая палова — кітайскім», — тлумачыць Маскевіч.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт зьбіраецца да 2015 году адбудаваць два інтэрнаты. Агулам у іх могуць зьмесьціцца да 2 тысячаў студэнтаў. Ці ўваходзіць у лік гэтых будоўляў кітайскі праект, пакуль незразумела.

Міністар адукацыі кажа, што «да 2015 года мы спадзяемся пабудаваць тую колькасьць інтэрнатаў, якая трэба, каб зьняць праблему жыльля для студэнтаў». Аднак дзяржаўная праграма, пра якую кажа Маскевіч, прадугледжвае будаўніцтва каля 20 інтэрнатаў, большасьць зь якіх зьявіцца ў Менску. І месца ў іх знойдуць толькі 14.5 тысячы студэнтаў. У той час, як толькі ў Менску патрабуецца да 50 тысячаў новых месцаў у студэнцкіх інтэрнатах.

ТОП-10 студэнцкіх інтэрнатаў, што хутка пабудуюць у Менску

  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт — 1030 месцаў у 2013 годзе + 1030 месцаў да 2015 году;
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — 1030 месцаў да 2015 году ў Шчамысьліцы;
  • Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт — 1030 месцаў да 2015 году;
  • Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт — 1030 месцаў да 2015 году;
  • Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт — 800 месцаў да 2014 году;
  • Акадэмія МУС — 650 месцаў да 2014 году на вуліцы Багратыну 65;
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі — 500 месцаў да 2015 году;
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт фізычнай культуры — 500 месцаў да 2015 году.  
Паводле міністра, «далёка ня ўсе студэнты замежных дзяржаў, якія навучаюцца ў нашых ВНУ, жывуць у інтэрнатах, многія зь іх жывуць на кватэрах. Мы да пытаньня забясьпечанасьці жыльлём студэнтаў ставімся вельмі ўзважана».

Паводле афіцыйнай статыстыцы, трэцяя частка беларускіх студэнтаў, якім патрабуецца інтэрнат, ня могуць яго атрымаць і вымушаныя здымаць кватэры. Найгоршыя ўмовы жыцьця ў інтэрнатах маюць курсанты Інстытуту памежнай службы, дзе на аднаго студэнта прыходзіцца толькі 2.4 кв.м. пакою. Для параўнаньня, у Гомельскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце адзін студэнт жыве на 13.8 кв.м.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0893 seconds.