Куды пераедуць менскія студэнты ў 2015 годзе

Студэнтам у Менску катастрафічна не хапае жытла — гэты факт прызнаюць на самым высокім узроўні. Шырока расьпіяраны праект «студэнцкай вёскі» на поўдні Менска дасьць прытулак толькі 8 тысячам студэнтам. А месца, з улікам астранамічных плянаў Міністэрства адукацыі па прыцягненьні замежнікаў і іх грошай у беларускія ўнівэрсытэты, трэба знайсьці для 50 тысячаў. Generation.bY прапануе будучым і цяперашнім студэнтам праверыць свае шансы засяліцца ў інтэрнаты ў бліжэйшыя чатыры гады.

Чыноўнікі прызнаюць, што па ўсёй краіне 23 тысячам студэнтам месцаў у інтэрнатах не хапае. Гэта па самых сьціплых падліках. Мэр сталіцы Мікалай Ладуцька лічыць, што толькі ў Менску трэба 50 тысячаў месцаў для студэнтаў. Так ці інакш, дзяржава цяпер гатовая збудаваць інтэрнатаў, у якіх прытулак на час навучаньня змогуць знайсьці толькі 14.5 тысячы студэнтаў. Гэта каля 20 інтэрнатаў, большасьць зь якіх зьявіцца ў Менску.


Болей за ўсіх: 2 інтэрнаты па 1030 месцаў — пабудуе БНТУ. Паводле праграмы разьвіцьця вышэйшай адукацыі Беларусі (па вэртыкалі - месцы ў будучых інтэрнатах)

У Менску адбудуюць прыкладна палову зь іх: 7 600 дадатковых месцаў для студэнтаў дзевяці ВНУ. Яшчэ 8 000 пабудуюць у студэнцкай вёсцы. 15 600 агулам замест 50 тысячаў. Выкладчыкі БДТУ ужо прапанавалі «ўшчыльняць» студэнтаў ва ўжо існых інтэрнатах, а таксама будаваць камэрцыйныя інтэрнаты.

ТОП-10 студэнцкіх інтэрнатаў, што хутка пабудуюць у Менску

  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт — 1030 месцаў у 2013 годзе + 1030 месцаў да 2015 году;
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — 1030 месцаў да 2015 году ў Шчамысьліцы;
  • Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт — 1030 месцаў да 2015 году;
  • Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт — 1030 месцаў да 2015 году;
  • Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт — 800 месцаў да 2014 году;
  • Акадэмія МУС — 650 месцаў да 2014 году на вуліцы Багратыну 65;
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі — 500 месцаў да 2015 году;
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт фізычнай культуры — 500 месцаў да 2015 году.  

Гэтыя інтэрнаты ўнівэрсытэты пабудуюць за кошт уласных сродкаў. Яшчэ чатыры інтэрнаты дабудуюць да 2013 году (хаця ад пачатку мусілі здаць ужо ў гэтым) у Студэнцкай вёсцы.

Агулам на будаўніцтва і рэканструкцыю будынкаў, што зьвязаныя з адукацыйным працэсам, дзяржава за 4 гады абяцае патраціць каля 553 мільёны даляраў.

Паводле праграмы разьвіцьця вышэйшай адукацыі Беларусі, адзін тыповы інтэрнат на тысячу месцаў каштуе ў 19.7 мільёнаў даляраў. Але не заўсёды: той жа самы будынак у Менску абыдзецца Беларускаму дзяржаўнаму эканамічнаму ўнівэрсытэту на 3.2 мільёны таньней, чым, напрыклад, БДУ. Мабыць, эканамісты лепей здолелі падлічыць каштарыс?

Дзе жыць, калі інтэрнат не даюць?

Месяц таму ў Мінску можна даволі лёгка знайсьці аднапакаёвую кватэру за 150–160 даляраў, піша infobank.by. Аднак, ёсьць і больш бюджэтны варыянт — арэнда пакою альбо падсяленьне — за 60–80. Былі нават варыянты за паўсотні ў месяц.

Але нават калі ўнівэрсытэты да 2015 году пасьпеюць дабудаваць тыя 10 інтэрнатаў, гэта яшчэ ня значыць, што ў іх змогуць засяліцца 10 тысячаў беларускіх студэнтаў. І цяпер некаторыя паверхі ў інтэрнатах адведзеныя замежным студэнтам. А плянуецца, што зь іншых краін, найперш азіяцкіх, да нас неўзабаве прыедуць вучыцца да 30 тысячаў новых навучэнцаў. Такім чынам, месца можа не хапіць нават ім — а ВНУ, нагадаем, пры засяленьні ў інтэрнаты надаюць прыярытэт менавіта замежнікам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0731 seconds.