Беларускія адукацыйныя чыноўнікі сталі «грантацмокамі»

Упраўленьне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму выйграла грант Міжнароднага Вышаградзкага фонду на рэалізацыю міжнароднага праекту «Энэргарандэву ў Беларусі». Цяпер Гомельскія чыноўнікі змогуць распарадзіцца 8 000 эўра, а таксама адправіць выкладчыкаў і студэнтаў на летнік у Чэхію.

Як паведамляе газэта «Вячэрні Гомель», праект «Энэргарандэву ў Беларусі» тычыцца найперш экалягічнай сфэры. 8 тысячаў эўра, атрыманых у межах яго ад Вышаградзкай групы (Чэхія, Славакія, Польшча, Вугоршчына), мусяць пайсьці на падвышэньне якасьці адукацыі ў галіне энэрга- і рэсурсазьберажэньня, экалёгіі і захаваньня клімату.

Акрамя гэтага, чыноўнікі зьбіраюцца «паглыбіць дружалюбныя стасункі» паміж Беларусьсю і некаторымі краінамі Цэнтральнай Эўропы. У межах праекту заплянаваны абмен вопытам работы выкладчыкаў і навучэнцаў з краін-партнэраў, знаходжаньне ў міжнародным летніку ў Чэхіі. Пройдзе таксама міжнародны конкурс малюнкаў па энэргазьберажэньню.

«Дружалюбныя» «грантацмокі» з аблвыканкаму?

Два месяцы таму кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі таксама заявіў аб жаданьні стаць атрымальнікам грантаў Эўрапейскага зьвязу. Афіцыйны саюз моладзі, які атрымлівае да 95% усяго фінансаваньня, прызначанага на беларускую моладзевую палітыку, разьлічвае займець грошы праз экалягічныя праграмы ЭЗ.

Гомель некалькі разоў трапляў у цэнтар адукацыйных скандалаў, зьвязаных з парушэньнем правоў студэнтаў. Самым гучным стаў працэс Зьміцер Жалезьнічэнка супраць ГДУ, зь якога таго адлічылі спачатку не законна, а пасьля адправілі служыць у войска.

Выдатнік, гомельскі грамадзкі актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка быў адлічаны «за сыстэматычнае парушэньне правіл унутранага распарадку» з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Такое тлумачэньне загаду на адлічэньне Зьмітра не задаволіла. Праз суд ва ўнівэрсытэце ён аднавіўся, аднак амаль адразу быў зноўку адлічаны, на гэты раз з выкананьнем усіх фармальнасьцяў. Цяпер Зьміцер працуе і рыхтуецца працягваць навучаньне ў Нідэрляндах.

Акрамя гэтага, тры гады таму замежныя студэнты Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту пратэставалі супраць перасьледу па расавых прыкметах. У адзін дзень замежнікі зладзілі забастоўку і ня вышлі на заняткі. Замест параў яны сабраліся ў актавай залі і запатрабавалі правесьці сустрэчу зь міліцыяй з нагоды «пастаяннага іх прыгнёту па расавых прыкметах».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.