Дзёрзкі пэрформанс польскага мастака на цэнтральным праспэкце Менску

Паўтары сотні чалавек у залатых касьцюмах прайшліся ўначы па праспэкце Незалежнасьці ў Менску, каб сустрэць узыход сонца. Дзіўны натоўп з усьмешкамі пад харавыя песьні N.R.M. весела прайшоў па пустых і чыстых вуліцах гораду. Так знакаміты польскі мастак Павел Альтхамер, які славіцца пэрформансамі ў розных краінах сьвету, зладзіў у Менску арт-акцыю «Прамень сонца».

 → Болей фота з канцэрту і арт-акцыі на праспэкце традыцыйна ў нашым фотаблогу

Ад нас мастак кіруецца наўпрост на знакамітае біенале ў Бэрліне, дзе адбудзецца паказ адзьнятага відэа. Дык што ж гэта было?

Інфармацыя пра тое, што ў Менску рыхтуецца незвычайны начны канцэрт з сустраканьнем сонца ў фінале ды яшчэ і ўдзелам N.R.M., зьявілася загадзя. Анансавалася нават незвычайнае месца імпрэзы — пустуючы ангар заводу «Гарызонт», што ўжо атрымаў славу сярод альтэрнатыўнай публікі Менску пасьля мастацкай выставы «Радыюс нуля».

Аднак літаральна за дзень, згодна беларускай «традыцыі», дазвол Мінгарвыканкаму арганізатары не атрымалі з-за пажарнай бясьпекі, і мастацкая задума магла сарвацца.

«Але ў нас быў падрыхтаваны рэзэрвовы варыянт, таму ў апошнюю ноч мы проста прыйшлі ў R-Club», — распавядае Generation.by адзін з арганізатараў канцэрту Павал Белавус.

Пакуль Менск спаў, моладзь ціхенька, як па змове, у прыцемках сьцякалася ў R-Club, дзе пад жывы выступ польскага рэгі-бэнду Paprika Korps, беларускіх панкаў Amaroka ды заваднога сэту DJ Laurel падавалася, што трапляеш на модную шумную паці ў адным са шматлікіх клюбаў Бэрліну. Адчуваньне аказалася невыпадковым: сярод публікі было каля 60 польскіх ды нямецкіх мастакоў і дызайнэраў. Да беларускіх рэаліяў вяртаў выступ гурта N.R.M., пасьля якога ўмомант заля пераапранулася ў залатыя касьцюмы і яшчэ ў прыцемках вылілася на вуліцу Сурганава, а адтуль па праспэкце — амаль да офісу Белтэлерадыёкампаніі, пакуль на вуліцах ня стала сьветла.

Імпрэза ад пачатку плянавалася як арт-пэрформанс. Свае акцыі Павел Альтхамер праводзіў у розных краінах сьвету. Апошнім часам мастак захапіўся «золатам»: размаляваны ў золата самалёт вандраваў па раёнах Варшавы з мэсыджам, што мастацтва можа дзейнічаць паўсюль і заўсёды. Аднак паўтары сотні людзей у золаце на вуліцах прытарна чыстага гораду, дзе нават па трое лепей не зьбірацца і хлопаць лепей, разумеючы ўсе наступствы — выглядала болей чым дзёрзка і ня проста як арт-акцыя без грамадзка-палітычнага кантэксту.

Альтхамер захапіўся прыездам у Менск і рэалізацыяй сваёй задумы з «залатым» натоўпам і ўзыходам сонца, прачытаўшы раман Артура Клінава «Менск. Горад сонца». Наагул мастак «у тэме» Беларусі, даўна сябруе з Цэсьлерам — той і афішу для ўсёй гэтай дзеі зрабіў. Кліп N.R.M. «Прамень сонца», аказваецца, таксама адзін з кавалачкаў усёй гэтай задумы Альтхамера зь людзьмі ў залатых касьцюмах і сустрэчай «залатога сонца». 

«Было шмат хваляваньняў, ці атрымаецца правесьці канцэрт і прайсьці праспэктам. Але ж нічога кепскага мы не зрабілі, таму спадзяемся, што будзе без наступстваў», — кажа Павал Белавус ужо а пятай раніцы на сьвітанку ў Менску.

Горад прачынаецца і «залатыя» з схаванымі ў заплечнікі касьцюмамі на памяць пра дзёрзкую ноч раствараюцца ў пераходах да мэтро.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0707 seconds.