У Львове адкрылі першы ў сьвеце помнік заплечніку

Учора ў дворыку геаграфічнага факультэту Львоўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Івана Франка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першага ў сьвеце помніка заплечніку.


Першы ў сьвеце помнік заплечніку

«Менавіта дзякуючы заплечніку вандроўнікі ўсяго сьвету выжывалі ў крытычных сытуацыях, а нашы студэнты пераадольвалі найвялікшыя вяршыні Ўкраіны і Эўропы», — сказаў ва ўступным слове дэкан геаграфічнага факультэту Львоўскага ўнівэрсытэту Ўладзімір Біланюк.

Як паведамляе сайт унівэрсытэту, на цырымоніі адкрыцьця помніку прысутнічаў таксама і рэктар, былы міністар адукацыі Ўкраіны і бацька вядомага сьпевака Іван Вакарчук. Ён падзякаваў ініцыятарам усталяваньня помніку, а таксама ўсім студэнтам і выкладчыкам геаграфічнага факультэту.

Пасьля прывітаньня рэктара студэнты факультэту прадэманстравалі эвалюцыю заплечнікаў, несучы на сьпінах узоры спартыўнага рыштунку розных пакаленьняў.

Выкладчык геаграфічнага факультэту і падарожнік Багдан Муха пацьвердзіў неабходнасьць заплечніка ў любым падарожжы і выказаў надзею на тое, што помнік будзе натхняць усіх студэнтаў факультэту на ўзяцьцё новых вяршыняў.

Кульмінацыйным момантам мерапрыемства стала сумеснае выкананьне традыцыйных песень турыстаў — «Я піду в далекі гори» Ўладзіміра Івасюка і паўстанцкай «Гэй гу, гэй га».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0738 seconds.