Прынятая Люксэмбургская дэклярацыя студэнтаў

Тыдзень таму ESIB (Нацыянальныя студэнцкія зьвязы ў Эўропе) правёў 9-ую Эўрапейскую студэнцкую канвэнцыю на тэму “ Фінансаваньне вышэйшай адукацыі ” пры падтрымцы прэзыдэнцыі Люксэмбургу ў Эўразьвязе.

Канвэнцыя, праведзеная ў новым унівэрсытэце Люксэмбургу 17-21 Сакавіка, аб’яднала больш 90 студэнцкіх прадстаўнікоў з усёй Эўропы. У якасьці выступоўцаў былі прадстаўнікі Эўрапейскай асацыяцыі унівэрсытэтаў (EUA), Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (OECD), Эўрапейскай камісіі і міністар адукацыі Люксэмбургу.

У заключэньні канвэнцыі старшыня ESIB, спадарыня Ваня Івошэвіч, заўважыла:

“Дэлегаты вырашылі, што больш высілкаў неабходна надаваць належнаму выкарыстаньню існуючых сродкаў, а таксама прыцягненьню альтэрнатыўных ім крыніцаў. Але плата за адукацыю зьяўляецца непрымальным спосабам для вырашэньня праблемы нястачы сродкаў на адукацыю і звычайна становіцца наступствам роспачных спробаў вырашыць праблему існаваньня дзірак у дзяржаўным бюджэце”.

Вынікам таксама стала дэклярацыя, накіраваная да міністэрскай сустрэчы па Балоньскім працэсе, што адбудзецца ў Бэргене (Нарвэгія) у траўні гэтага года.

Так званая “Люксэмбургская студэнцкая канвэнцыя” заклікае міністраў зрабіць сацыяльнае вымярэньне прыярытэтным накірункам Балоньскага працэсу пасьля Бэргенскай сустрэчы, канвэнцыя таксама заклікае прыбраць галоўныя фінансавыя і палітычныя перашкоды для студэнцкай мабільнасьці ў Эўропе. Гэта павінна быць зроблена праз стварэньне Фонда эўрапейскай мабільнасьці (European Mobility Fund), а таксама праз ажыцьцяўленьне краінамі-удзельніцамі палёгкі альбо адмены патрабаваньняў пры атрыманьні візы і дазволаў на пражываньне для студэнтаў зь іншы краінаў.

Поўны зьмест Дэклярацыі ў арыгінале (па-ангельску) можна прачытаць тут: http://www.esib.org/policies/luxstudentdeclaration.pdf

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.093 seconds.