Рэктар БДУ распавёў, чаму ў беларускія ВНУ ня едуць студэнты з Кітаю

За тры гады беларускія адукацыйныя чыноўнікі спадзяюцца ў тры разы павялічыць колькасьць замежных студэнтаў. Прывабліваць будуць эканамічнымі спэцыяльнасьцямі, а таксама таннымі магістэрскімі і асьпіранцкімі дыплёмамі. Але пакуль для такіх навучэнцаў ва ўнівэрсытэтаў не стае месцаў у студэнцкіх інтэрнатах.

Адной з галоўных прычынаў адсутнасьці росту колькасьці замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту лічыць недахоп месцаў у інтэрнатах. Аб гэтым Сяргей Абламейка заявіў на круглым стале ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце, перадае БТ.

Паводле Абламейкі, які кіруе ВНУ, дзе вучыцца пятая частка з болей чым 10 тысячаў замежных студэнтаў, унівэрсытэт гарантуе месца ў інтэрнаце для любога навучэнца зь Кітаю, Туркмэніі ці іншай краіны, што захоча вучыцца ў Беларусі. Праўда, толькі да другога курсу. Але і з улікам такіх правілаў месцаў у інтэрнатах моцна не стае.

У выніку да 80% замежнікаў, што вучацца ў БДУ, жывуць у інтэрнатах унівэрсытэту. А вось беларускіх студэнтаў, асабліва старшакурсьнікаў, засяляюць у другую чаргу. Так адбываецца з-за асаблівасьцяў беларускага заканадаўства. Беларускім студэнтам зь іншых гарадоў дастаткова зарэгістравацца па адрэсе галоўнага корпусу, а вось з замежнікамі так не атрымаецца: нязьменная з савецкіх часоў, сыстэма рэгістрацыі патрабуе рабіць гэта менавіта па месцы жыхарства, што цяжка, калі студэнт, напрыклад зь Сірыі, здымае пакой у якой беларускай бабулькі.

Пры гэтым замежныя студэнты больш выгодныя ўнівэрсытэту: болей за сваіх беларускіх аднагрупнікаў яны плацяць ня толькі за навучаньне, але і за пакой у інтэрнаце. Між тым толькі за мінулы год БДУ зарабіў на замежніках 5.5 мільёнаў даляраў.

«Людзі самі едуць у БДУ. Расьце рэйтынг БДУ, і студэнты бачаць гэта», — тлумачыць папулярнасьць унівэрсытэту Сяргей Абламейка.

Замежнікі паедуць у Беларусь дзеля магістратуры


Замежных студэнтаў у Беларусі ўсё болей. Вось гэтыя ці то былыя баевікі, ці то ахвяры зь Нігерыі цяпер вучацца ў менскім БДУІР

Акрамя гэтага на нарадзе ў БНТУ была агучаная новая тактыка прыцягненьня замежных студэнтаў:

«У бліжэйшы час мы асабліва будзем падвышаць цікаўнасьць на нашых магістэрскія і асьпіранцкіх праграмаў» , — заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

Раней замежных студэнтаў болей за ўсё цікавілі сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці. Цяпер на першы плян выходзіць эканамічны напрамак: фінансы, кіраваньне пэрсаналам і міжнародныя адносіны.

Цяпер у Беларусі навучаецца болей за 10 тысячаў замежных студэнтаў. Большасьць зь іх прыехала з Туркмэніі, Кітаю і Расеі. Да 2015 плянуецца павялічыць адукацыйны экспарт яшчэ ў тры разы.

Акрамя адсутнасьці месцаў для жыцьця адукацыйныя чыноўнікі кажуць аб праблемах, зьвязаных зь недалучанасьцю Беларусі да Балоньскага працэсу і нізкай рэпутацыяй айчынных ВНУ.

Нагадаем, ніводны беларускі ўнівэрсытэт не ўвайшоў у ТОП-100 рэйтынгу Times Higher Education ВНУ паводле рэпутацыі. Няма нашых навучальных установаў і сьпісе 400 лепшых унівэрсытэтаў Эўропы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0704 seconds.