Experty.by назавуць лепшыя беларускія альбомы 2011 года

20 сакавіка будуць абвешчаны пераможцы ўзнагарод Experty.by лепшым беларускім альбомам, выдадзеным у 2011 годзе. Адразу ў некалькіх намінацыях на перамогу прэтэндуюць альбомы гуртоў «Ляпис Трубецкой», «Троіца», Pomidor/Off і «Серебряная Свадьба».

2011 год у беларускай музыцы быў вельмі насычаным – аўтары сайта адрэцэнзавалі 63 беларускія альбомы. У межах узнагарод будзе названы лепшы альбом адразу па чатырох вэрсіях: штатных экспэртаў (4 сталыя аўтары сайта), вялікага журы (12 беларускіх журналістаў), народных экспэртаў (карыстальнікі сайта), а таксама замежных экспэртаў.

«Адрозьненьне нашых узнагарод у тым, што мы не спрабуем прывесьці ўсё да аднаго пераможцы і аднаго меркаваньня. Наша мэта – адлюстраваць розныя пункты гледжаньня. Калі хаця б некаторыя зь іх супадуць – значыцца, быў яўны лідэр. Калі ўсе будуць адрозьнівацца – лідэра не было», – адзначае кіраўнік праекта Зьміцер Безкаравайны.

У журы замежных экспэртаў традыцыйна ўвайшлі крытыкі зь пяці краін, зь якімі мяжуе Беларусь. Расію ў гэтым годзе прадстаўляе Аляксандр Гарбачоў (часопіс «Афиша»), Украіну – Канстанцін Трыгуб (партал RockYou), Літву – Дарыюс Ужкурайціс (радыё Opus 3), Латвію – Яніс Зілдэ (партал TVnet), Польшчу – Павел Кастржэва (партал Onet).

Узнагароды адбудуцца ўжо ў чацьверты раз. Па выніках 2010 у большасьці намінацый перамог гурт «Дзецідзяцей» з альбомам «Рух», па выніках 2009 года – The Toobes з альбомам «Hello», па выніках 2008 года галоўныя ўзнагароды падзялілі «Троіца» з альбомам «Сон-трава» і «Ляпис Трубецкой» з альбомам «Манифест».

Паслухаць усе альбомы 2011 года можна на сайце Experty.by. Цырымонія традыцыйна пройдзе ў фармаце зачыненага прэс-мерампрыемства.

12:00, 19/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1271 seconds.