Высокі прафсаюзны чыноўнік назваў адукацыйныя крэдыты «непад’ёмнымі»

Прафсаюз працаўнікоў сфэры адукацыі і навукі прапануе перагледзець умовы выдачы крэдытаў на навучаньне. Цяпер такія крэдыты выдаюцца пад 19% тым студэнтам, што няздольныя самі плаціць за адукацыю.

«Абавязацельствы па гэтых крэдытах для многіх сталі непад’ёмнымі», — лічыць старшыня Беларускага прафэсійнага саюзу работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка.

За апошні год беларуская адукацыя ў некаторых ВНУ падаражэла больш чым на 100%. У такіх умовах «плацежаздольнасьць бацькоў на нейкім этапе падае. Рэнтабэльнасьць ВНУ па некаторых спэцыяльнасьцях нулявая, гэта адбіваецца на матэрыяльнай базе і, ў канчатковым выніку, якасьці адукацыі».

Як піша «Народная газэта», Беларусбанк выдае льготныя крэдыты на навучаньне, пагашэньне працэнтаў па якіх (0.5 стаўкі рэфінансаваньня — цяпер 19%) пачынаецца ўжо з наступнага месяцу пасьля атрыманьня крэдыту. Вяртаньне крэдыту пачынаецца з наступнага месяца пасьля заканчэньня навучальнай установы.

Міжнародны вопыт выглядае інакш: у Аўстраліі, напрыклад, ён беспрацэнтны, а ў Бэльгіі пагашэньне пачынаецца праз два гады пасьля заканчэньня навучаньня, прычым выплату крэдыту можна расьцягнуць на 15 гадоў пасьля атрыманьня дыплёму.

Прафсаюзны чыноўнік лічыць, што Беларусі варта запазычыць замежны вопыт. Зьмена ўмоваў выдачы крэдыту будзе тычыцца 61.2% студэнтаў-платнікаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1311 seconds.