Ад баранавіцкай школы да Гарварду


Беларускі студэнт выпускнога курса аднаго з найбольш прэстыжных унівэрсытэтаў сьвету — пра паступленьне, вучобу, тэхналёгіі, супрацоўніцтва з выкладчыкамі, «складанасьці перакладу», кошты, спэцыфіку ды патрабаваньні Гарварду. Яўген Барысевіч — пра свой шлях ад сярэдняй школы баранавіцкага раёну і лінгвістычнага ўнівэру да сваёй цяперашняй «альма матэр».

— Распавядзі, калі ласка, спачатку коратка пра тое, дзе вучыўся ў Беларусі.

— Колькі сябе памятаю, мне заўсёды падабалася сустракаць ды пераадольваць выклікі, што паўставалі на маім жыцьцёвым шляху. Напрыканцы вучобы ў сярэдняй школе у 2000 годзе я вырашыў паспрабаваць паступіць у адзін зь лепшых унівэрсытэтаў Беларусі — Менскі дзяржаўны лінгвістычны унівэрсытэт. І я магу назваць сапраўды захапляльнымі тыя чатыры гады, што я вывучаў нюансы ангельскай мовы і літаратуры, нямецкую мову ды шмат чаго іншага.

— Закранем пэрыяд паступленьня ў Гарвард. Што патрабавалі? TOEFL, якія-небудзь іншыя тэсты?

— Скажу адразу, што сыстэма ў маім унівэрсытэце даволі спэцыфічная. Думаю, такая сустракаецца ня шмат дзе яшчэ.

Першае, што мне трэба было ўзяць — гэта тры «выпрабавальныя» клясы. Адзін зь іх абавязковы — «тлумачальнае пісаньне», альбо EXPО. Гэты курс дае шыкоўную магчымасьць праверыць ды разьвіць свае навыкі пісьма. Але яшчэ для таго, каб дабрацца да гэтай клясы, трэба было здаць онлайн-тэст па крытычных навыках чытаньня ды паказаць адпаведныя якасьці пісьма на ангельскай мове.

І для таго, каб прэтэндаваць на магчымасьць навучацца на праграме далей, сярэдні бал (GPA) да канца «выпрабавальнага» сэмэстру павінен быць B (3,0) або вышэй. Як правіла, для тых, хто праходзіць выпрабавальны курс «экспа» зьяўляецца найбольш складаным з трох.

Далей, калі вы ўжо атрымалі сваю адукацыю па-за межамі ЗША ці ў краіне, дзе ангельская мова не зьяўляецца асноўнай мовай навучаньня, трэба набраць ня меней за 100 (сто) балаў на тэсьце інтэрнэт-TOEFL. Таксама трэба зрабіць перавод усіх адзнак беларускіх на амэрыканскую сыстэму — гэтак званы транскрыпт. Гэтым займаюцца спэцыялізаваныя агенцтвы, якія разьмешчаны ў розных частках Амэрыкі. Яны пераводзяць беларускія веды, курсы ды гадзіны ў прынятыя ў заходняй сыстэме навучаньня гэтак званыя «крэдыты».

— Наколькі былі залічаны твае 4 курсы лінгвістычнага ўнівэру? Колькі з патрэбных 128 крэдытаў (неабходная колькасьць ў амэрыканскіх унівэрах для атрыманьня статусу бакаляўра) былі залічаныя з тваіх беларускіх прадметаў?

— На зьдзіўленьне, у маім выпадку залічылі 56 'крэдытаў', нягледзячы на тое, што ў мяне ў Беларусі ў МДЛУ была зусім іншая спэцыялізацыя. Я быў даволі зьдзіўлены таму, што ў першую чаргу залічваюцца розныя 'матэматыкі, фізыкі, праграмаваньне' (якіх у мяне зусім не было), а не гуманітарныя прадметы кшталту літаратуры, мовазнаўства і г.д., якіх было досыць. У дадатак да беларускай мовы, літаратуры і гісторыі, былі залічаныя псыхалёгія, філязофія, паліталёгія і нават пэдагогіка.

— Наколькі цяжка было пачаць вучыцца на ангельскай мове з тваёй спэцыялізацыяй «Выкладчык ангельскай і нямецкай моў»?

— Для мяне не было нейкіх асаблівых, ці больш правільна будзе сказаць, нечаканых «цяжкасьцяў перакладу». У Беларусі для студэнтаў МДЛУ рэгулярная праца з велізарнымі аб’ёмамі літаратуры — справа даволі звыклая, таму сур’ёзныя памеры матэрыялу, які трэба было засвоіць, не дадавалі мне нейкага дыскамфорту. Можна сказаць, што я быў гатовы да падобнай працы.

Адзінае, былі цяжкасьці з узгадваньнем матэматыкі, формул ды гэтых амаль са школы цалкам забытых навыкаў. Асьвяжыць-палепшыць мае праржавелыя «лічыльныя» веды ў сувязі з маім беларускім гуманітарным выбарам спэцыялізацыі — мовамі — было найбольш цяжка. Да таго ў мяне апошнія ўрокі матэматыкі былі ажно ў сярэдняй школе.

— Што было найбольш складаным у першыя месяцы навучаньня?

— Быць гатовым і пажадана хуценька прызвычаіцца да самага цяжкага, як здаецца на той момант, — «велізарных» хатніх заданьняў. Але з часам, калі ўжо эфэктыўна плянуеш свой час і дасканала разумееш, чаго ж чакаюць ад студэнта, аб’ёмы не здаюцца ўжо такімі велізарнымі. Шчыра кажучы, часам мне было сорамна за тое, што я нават ня быў здольны выкарыстаць усе крыніцы інфармацыі для навучаньня, якія даваліся прафэсарамі і ахоплівалі сапраўды вялізны аб’ём ведаў.

— Як праходзіць навучаньне? Наколькі адрозьніваюцца патрабаваньні да студэнтаў?

— Звычайныя восеньскія і вясновыя сэмэстры доўжацца 13–14 тыдняў. Восеньскі, як правіла, пачынаецца ў канцы жніўня і заканчваецца іспытамі да 14 сьнежня.

Што цікава, большасьць клясаў, якія я да гэтага часу браў, праходзілі ў фармаце «лекцыяў». Аднак амэрыканская лекцыя — гэта зусім іншы працэс, калі параўноўваць з беларускімі навучальнымі рэаліямі. У ЗША вы ўжо павінны быць падрыхтаваным да лекцыі: прафэсар ужо чакае, што студэнты прачыталі неабходны матэрыял да таго, як ён пачне тлумачыць дадатковыя нюансы ці новую тэму.

Акрамя таго, ёсьць хатнія заданьні, якія павінны быць зробленыя і здадзеныя да лекцыі альбо адразу пасьля яе. І так — штотыдзень. Для прыкладу, ваш прафэсар правёў лекцыю, скажам, у аўторак, тады ў сераду вам давядзецца ісьці на сэмінар, які праводзяць вучэбныя асыстэнты па гэтаму матэрыялу ды інфармацыі, што была прадстаўлена раней. Так, сэмінары адбываюцца на працягу ўсяго вучэбнага сэмэстру.

Вучэбныя асыстэнты (ТА) — гэта яшчэ адна адметная асаблівасьць навучаньня тут. У залежнасьці ад памераў клясы, колькасьцяў груп, хатняй нагрузкі, прафэсар можа мець да пяці вучэбных асыстэнтаў. Яны галоўным чынам даюць інфармацыю па новых падзелах, ацэньваюць працу студэнтаў, хатнія і іншыя заданьні, праводзяць іспыты.

Такім чынам, вяртаючыся да пытаньня, што ж чакаюць ад студэнта. Па-першае, быць гатовым да занятку (г.зн. матэрыял павінен быць прачытаны і асэнсаваны) ды выконваць усе хатнія заданьні, тэсты. Па-другое, неабходна ўдзельнічаць у онлайн-дыскусіях ды форумах на вэб-старонцы вывучаемага прадмету. Ну, і трэцяе, — трэба быць падрыхтаваным да выніковага экзамэну. Хатнія заданьні і праца на працягу сэмэстру звычайна складаюць 30–40% ад выніковай адзнакі.

— Наколькі выкарыстоўваюцца пад час навучаньня новыя тэхналёгіі, online-лекцыі? Ці ёсьць online-экзамэны?

— Усе заняткі праходзяць на тэрыторыі кампуса, але многія з тых студэнтаў, хто мае «дыстанцыйную опцыю» і якія не жывуць побач з Бостанам, карыстаюцца прапанаванымі новымі тэхналёгіямі ды ўнівэрсытэтам магчымасьцямі. Я хутка зразумеў, што такі варыянт вельмі карысны, улічваючы тое, што вучэбны час рэгулярна супадае з працоўным. Таму такім чынам, я магу праглядаць запісаныя лекцыі дома ці па дарозе на працу. Але пры гэтым, трэба ўсё роўна абавязкова зрабіць хатняе заданьне да пачатку чарговага занятка.

Больш за тое, нават без уліку «дыстанцыйнай опцыі» існуюць некаторыя курсы — выключна анлайнавыя ў чыстым выглядзе, калі ўсе заняткі праходзяць ў фармаце вэбінараў. Прафэсар карыстаецца адпаведным софтам — Elluminate ў маім выпадку, што дазваляе групе студэнтаў з усёй краіны, а часам і сьвету, зьбірацца ў адпаведны час і прымаць удзел у жывой дыскусіі, абменьвацца дадзенымі, кантактаваць праз аўдыё-відэа канал і чат.

Таксама шырока выкарыстоўваюцца online тэсты-апытаньні, кантрольныя, калі за дадзены час трэба выканаць адпаведныя заданьні. Але нягледзячы на шырокае выкарыстаньне тэхналёгіяў, усе сярэднетэрміновыя або фінальныя экзамэны здаюцца непасрэдна ў «жывым» фармаце: ці ў Кэмбрыджы ці ў адмысловы час і месцы свайму лякальнаму назіральніку — проктару.

— Наколькі можаш выбіраць курсы сам? Вядома, што ў ЗША сыстэма працуе па-іншаму, чым у Беларусі: студэнту прапануецца выбар прадметаў, якія можна вывучаць.

— Гэта залежыць толькі ад студэнта і менавіта яму вырашаць, якія курсы ён ці яна будзе на працягу гэтага сэмэстру вывучаць. Усё залежыць ад асноўнай спэцыялізацыі, якая была выбрана студэнтам. Пасьля таго як вы залічаны на навучальную праграму ў сваёй установе, вам даецца магчымасьць працы з дарадцам-кансультантам, які заўсёды побач, каб дапамагчы выбраць тыя клясы, якія вам неабходныя для выкананьня усіх патрабаваньняў па абраным вымі гэтак званым «мэйджары» — асноўная спэцыялізацыя навучаньня дадзенага студэнта.

Асабіста я знайшоў свайго дарадцу-кансультанта вельмі карысным як пры выбары курсаў, гэтак і выкладчыкаў. Перш чым запісацца на кляс, вы вывучаеце плян (сылабас), каб даведацца пра тое, чаму вас будуць вучыць ды ўсе патрабаваньні дадзенага курса-прадмета (даты усіх экзаменаў, тэмы хатніх заданьняў). Усе навучальныя праграмы маюцца загадзя, так што ва ўсіх ёсьць дастаткова часу, каб рабіць свае будучыя крокі з належнай абачлівасьцю.

— Колькі гадзін звычайна ў цябе займала ў дзень падрыхтоўка хатніх заданьняў? А таксама распавядзі пра тое, што ўплывала на выбар колькасьці курсаў за сэмэстр?

— Наагул, тэарэтычна можна за адзін сэмэстар браць да 16-ці крэдытаў (чатыры клясы па чатыры крэдыты). Але пры вялікім жаданьні можна, зьвярнуўшыся да свайго дарадцы, узяць і дадатковыя курсы. І ўжо адміністрацыя надалей вырашыць ці даць вам магчымасьць вывучаць ажно 5–6 курсаў. Як правіла, больш за 20 крэдытаў пацягнуць за сэмэстар амаль немагчыма.

Можна сказаць, для мяне было правілам штодзень працаваць 4–5 гадзін плюс амаль усе суботы і нядзелі. І гэта яшчэ не ўлічваючы час, які патрэбны для вырашэньня ўсялякіх дадатковых праектаў, ды непасрэднай падрыхтоўкі да мідтэрмаў (экзамэн што праводзіцца пасярэдзіне курса навучаньня) і файналсаў (выніковыя іспыты).

Для мяне другі і трэці тыдзень заняткаў былі найбольш стрэсавымі. Як раз у гэты час вас завальваюць хатнімі заданьнямі ды разнастайнымі задачамі, якія трэба выканаць да дэдлайну — часу, пазьней якога працы ўжо не прымаюцца. Але праз тыдзень-другі я прызвычайваўся да такога тэмпу, адаптаваўся да навучальнай руціны новай дысцыпліны і працягваў працаваць ужо без такога эмацыйнага ды фізычнага напружаньня.

— Якімі якасьцямі, ты лічыш, трэба валодаць, каб пасьпяхова вучыцца ў топ-унівэры, якой безумоўна зьяўляецца твая Гарвардзкая школа?

— Безумоўна, студэнт павінен быць разумным, цікаўным, творчым, самастойным, бо трэба заўсёды знаходзіць матывацыю для самога сябе. Але, лічу, няма нічога больш істотнага чым працавітасьць і адказнасьць.

Няма нічога, чаго трэба баяцца альбо занадта турбавацца — калі вы прысутнічалі на ўсіх лекцыях, удзельнічалі ва ўсіх вэбінарах ды сэкцыях, прачыталі ўвесь патрэбны матэрыял і зрабілі ўсе хатнія заданьні. Усе курсы прызначаны для таго, каб навучыць студэнта, а ніяк не перагрузіць яго. Ніхто не патрабуе нічога экстраардынарнага — проста прытрымлівайся патрабаваньняў, і будзе ўсё окей.

— Жэня, а чаму ўсё ж эканоміка? Пасьля гуманітарнага МДЛУ — гэта даволі незвычайны выбар шляху.

— Гэта вельмі цікавае пытаньне. Я адчуваю, што я магу патраціць шмат часу, каб распавесьці, чаму я вырашыў пайсьці менавіта на эканоміку. Але, калі казаць коратка, то ўжо нават узгадваючы беларускія часы навучаньня ў сярэдняй школе, мне заўсёды было цікава чытаць прысьвечаныя бізнэсу часткі газэт, якія выпісваў і чытаў мой бацька. Але з-за спэцыфікі ўсёй беларускай эканамічнай мадэлі разьвіцьця, дзе рынак — гэта панятак усё ж даволі спэцыфічны і пакуль далёкае ад сапраўды рынкавых сыстэмаў, я не бачыў будучыні ў гэтай сфэры. Ужо пазьней, тут у ЗША, я таксама атрымліваў асалоду ад працэсу назіраньня за працай фондавых рынкаў, якія функцыянуюць сапраўды па правілах чыстай эканомікі. І вось такім чынам, каб займацца тым, што мне сапраўды падабаецца, я вырашыў распачаць кар’еру ў фінансавым сэктары і выбраў эканоміку сваёй спэцыяльнасьцю.

— Якім для цябе атрымаўся пераход ад беларускага варыянту навучаньня да амэрыканскага?

— Практычна бязбольна… Справа ў тым, што калі паглядзець на маё навучаньне яшчэ ў МДЛУ, то, напэўна, у адрозьненьні ад пераважнай большасьці студэнтаў іншых ВНУ Беларусі зь іх спэцыфікай вучобы і часам, скажам шчыра, даволі прагулачным тэмпам навучаньня, мы папросту вымушаны былі праводзіць шмат часу за падрыхтоўкай хатніх заданьняў. Час ад часу некаторыя ў нас нават казалі, што маюць адчуваньне, што яны нават не пакідалі сярэдняй школы, дзе нагрузка таксама была высокай.

Таму я не турбаваўся з-за напружанага навучальнага працэсу. Што мяне сапраўды ўразіла і ўсё яшчэ ўражвае — гэта тая ўвага з боку выкладчыкаў ды асыстэнтаў, якой яны пэрсанальна «адорваюць» кожнага студэнта, дапамагаючы ды кансультуючы па ўсіх патрэбных нам пытаньнях. Калі ў вас паўсталі пытаньні адносна лекцыі, нейкага заданьня — вы папросту зьвяртаецеся да свайго прафэсара ці яго асыстэнта, і можаце быць упэўнены, што яны зробяць усё залежнае ад іх, каб вашыя пытаньні былі вырашаны. Для гэтага можна папросту наведаць выкладчыка пад час яго працы ў сваім офісе. Да таго ж усе курсы маюць свае вэб-старонкі, дзе вы маеце доступ да усіх лекцый, слайдаў, што паказваліся пад час заняткаў, прысутнічаюць форумы з абмеркаваньнямі розных тэм, часьцей за ўсё прадстаўлены крыніцы для дадатковай інфармацыі, ці нават увесь памер лекцыяў.

— Пра Гарвард мы чуем можна сказаць зь дзяцінства. Пра яго крутых (у розных сэнсах) выпускнікоў здымаюць фільмы, выпускнікі займаюць кіраўнічыя пасады ў шматлікіх буйных карпарацыях па ўсім сьвеце. Тым самым у нашай падкорцы знаходзіцца інфармацыя пра нібыта завоблачны ўзровень унівэра, як па ўзроўні вучэбных патрабаваньняў, гэтак і па грашовых. Ці ён сапраўды завоблачны?

— Гарвардзкі ўнівэрсытэт складаецца з 13-ці розных школ. Яны ўключаюць у сябе цэлы шэраг сусьветна вядомых школ, такіх як Гарвардзкі каледж, бізнэс-школа, школы права, мэдыцыны і ўрадаў, але і менш вядомыя — багаслоўя, тэхнікі, адукацыі, і «галоўны Гарвардзкі сакрэт»», — гэтак званая пашыраная школа — Extension School.

Кошт навучаньня — ад 10,000 да 80,000 даляраў за год. Але ў тым-та і фішка, што дзякуючы сапраўды агромністай падтрымцы выпускнікоў унівэрсытэта, ён мае значны фонд ахвяраваньняў, што дазваляе забясьпечваць значную фінансавую дапамогу вялізнай колькасьці студэнтаў.

У якасьці дадатковай інфармацыі паведамлю, што згодна з выданьнем Harvard Gazette, 2/3 першакурсьнікаў у Гарвардзе атрымліваюць фінансавую дапамогу (гаворка ідзе пра сумы да 50 тысяч даляраў за год!).

Унівэрсытэт сапраўды зацікаўлены ў прыцягненьні і ўтрыманьні лепшых і самых разумных. Гэта я кажу як пра студэнтаў, гэтак і пра выкладчыкаў.

— Наколькі цяжка табе было аплочваць кошт навучаньня?

— Кошты Гарвардзкага ўнівэрсытэту для студэнтаў маёй Extension School можна параўнаць з тыповымі дзяржаўнымі каледжамі і ўнівэрсытэтамі. Іх памер прыблізна $975–1250 за чатыры крэдыта бакаляўрскіх (undergraduate). Яны павялічваюцца для курсаў магістарскага ўзроўню (graduate) да $1900–2500 за дысцыпліну. Цікава, што мая жонка плаціць значна больш, калі рабіць пералік за адзін навучальны крэдыт у дзяржаўным каледжы ў Нью-Ёрку. Такім чынам, чатыры курсы, што я звычайна бяру за сэмэстар, плюс падручнікі і вандраваньні абыходзяцца ў прыкладна $6000–7000 за паўгады. Трэба ўлічваць таксама і карыстаньне магчымасьцю ўзяць некаторыя клясы, якія выкладаюцца толькі на магістарскім узроўні — можна ўзяць да чатырох дысцыплін з магістратуры.

Безумоўна, з улікам таго, што і я, і мая жонка зараз студэнты, няма аніякай таямніцы ў тым, што у цяперашні час мы павінны адмаўляцца ад некаторых відаў адпачынку, абмяжоўваць некаторыя выдаткі, і нават прадалі адну з машын.

— Чаму выбраў Гарвард? Калі зьявілася першая думка паспрабаваць пайсьці менавіта ў гэтую прэстыжную школу?

— Гэта на самай справе адбылося выпадкова. У той час мы жылі ў маленькім мястэчку ў штаце Мэйн. І бліжэйшым, найбольш зручным месцам з пункту гледжаньня лягістыкі, атрыманьня вышэйшай адукацыі — быў ўнівэрсытэт штату Мэйн ў Орана. Такім чынам, выбіраючы гэты варыянт, мы маглі б разьлічваць на магчымасьць аплочваць навучаньне як жыхары штату і не клапаціцца пра тое, каб пераяжджаць куды-небудзь толькі для атрыманьня адукацыі. Вядома, я ведаў пра Гарвард і тое, што гэта школа прапаноўвала. Мне б хацелася туды паехаць, але мне спачатку гэта здалося нечым «нерэальным і недаступным» як для чалавека з досьведам вучобы ў няпрофільнай школе ў іншай краіне.

Нарэшце, мэты былі пастаўлены, клясы, якія я хацеў вывучаць у Мэйне, былі ўжо выбраныя… і я ўжо быў у сьпешцы каб пасьпець да часу заканчэньня рэгістрацыі. Мне пашчасьціла пасьпець узяць апошні з даступных тэстаў для маіх курсаў па статыстыцы і мікраэканоміцы… Але, заўсёды ёсьць «але»… Карацей кажучы, з двух клясаў, што я сапраўды хацеў узяць падчас майго першага сэмэстру, я мог вывучаць толькі адзін. Гэта было зьвязана з тым, што мая акадэмічная даведка зь Беларусі ня сьведчыла аб якім-небудзь унівэрсытэцкім узроўні вывучэньня матэматыкі альбо эканомікі.

Гэта стала для мяне даволі вялікім расчараваньнем. Але цікава, што здарылася далей. Па дарозе дадому я патэлефанаваў жонцы і растлумачыў ёй усё ва ўсіх падрабязнасьцях… Праз 20 хвілін яна патэлефанавала мне назад, кажучы: «Ведаеш, ты пойдзеш у іншую — нашмат лепшую школу! Але ёсьць адна ўмова — ты павінен быць у Кэмбрыджы (частка Бостана) заўтра, а 2-й гадзіне дня, каб пасьпець на апошні адборачны тэст».

Такім чынам, я хутка тэлефаную свайму працадаўцы з просьбай пра яшчэ адзін выходны дзень, бо мне трэба ехаць у Бостан ўжо праз некалькі гадзін.

Так я «абраў» Гарвардзкі ўнівэрсытэт і яго Extension School замест унівэрсытэту Мэйна. Азіраючыся назад, я думаю, што гэта была адна зь лепшых рэчаў, якія калі-небудзь здараліся са мной: адмова ў дзяржаўнай школе раскрыла мае жаданьні і дала шанец праявіць сябе на новым, дагэтуль здавалася недасяжным для мяне узроўні — у Гарвардзкім унівэрсытэце.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.049 seconds.