Эканамічны крызыс павялічвае інтарэс да адукацыі

Пакуль сьвет прыгнятаюць эканамічныя праблемы, а колькасьць беспрацоўных расьце (па апошніх дадзеных іх у ЗША зараз 6 млн.), людзі вырашылі заняцца адукацыяй.

Сёлета колькасьць пададзеных дакумэнтаў на паступленьне ў такія прэстыжныя амэрыканскія навучальныя ўстановы, як Гарвард, Стэнфард, Ель і Браўн рэзка павялічылася ў параўнаньні з папярэднім годам. У выніку, колькасьць станоўчых адказаў на прыняцьцё ў каледжы Лігі Плюшчу (так завуць 8 каледжаў на поўначы ЗША) рэкордна зьнізілася: конкурс занадта высокі.


Кампус у Гарвардзе

Пра эканамічны крызыс і попыт на адукацыю піша The New York Times. Дэкан аднаго з факультэтаў у Гарвардзе Біл Фіцсыманс кажа, што ў гэтым годзе каледж атрымаў 29112 заявак на навучаньне, што ёсьць надзвычай высокім ўзроўнем. Такім чынам, толькі 7% заявак будзе задаволена супраць 8% у мінулым годзе.

Падобная інфармацыя прыходзіць і зь іншых прэстыжных навучальных установаў ЗША.

У той жа момант у менш папулярных гуманітарных каледжаў колькасьць абітурыентаў скарацілася. Напрыклад, каледж Уільямс на захадзе Масачусэтса не далічыўся 20% абітурыентаў у параўнаньні зь мінулым годам.

Але падаць дакумэнты на навучаньне, што згодна з амэрыканскімі правіламі паступленьня робіцца ў студзені-лютым, і быць здольным аплаціць тое навучаньне — дзьве розныя рэчы.

Як зьдзіўлена адзначае кіраўнік камісіі па фінансавай дапамозе каледжу Амхэрсту (адной зь лепшых гуманітарных ВНУ ЗША) Том Паркер, з восені, калі вялікая колькасьць абітурыентаў магла падаць дакумэнты на паступленьне, ніводная сям’я за час рэцэсіі не адмовілася ад намеру паступаць.

«Гледзячы на эканамічныя ўмовы, гэта вельмі добры вынік», — адзначае Том Паркер.

Амэрыканская адукацыйная сыстэма, якая застаецца адной з самых лепшых у сьвеце, але, адначасова, і адной з самых дарагіх, патрабуе надзвычайных выдаткаў для навучаньня. Так, кошт году навучаньня ў тым жа Гарвардзе (згодна з рэйтынгам газэты Times Higher Education лепшых унівэрсытэтаў сьвету) складае ад $40 000 да $50 000 і працягвае расьці. Унівэрсытэты дапамагаюць студэнтам з малазабясьпечаных сям’яў, але ў гэтым годзе ВНУ ЗША значна скарацілі памеры такой дапамогі.

А што ў Беларусі?

У Беларусі сёлета таксама чакаецца рост абітурыентаў, што будзе зьвязана хіба ня з крызысам, а з рэформай адукацыйнай сыстэмы.

Як адзначыла выданьню «Заўтра тваёй краіны» кіраўнік цэнтру тэставаньня Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Галіна Віктаравіч, «фінансавы крызыс на жадаючых абраць прафэсію не паўплываў».

«Хоць дапушчаю, што можа адбыцца пераарыентацыя ў прыярытэтах. Магчыма, упадзе попыт на інжынэрныя спэцыяльнасьці».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1047 seconds.