Грандыёзныя пляны БДУ: паветраны спарткомплекс і аэракасьмічны факультэт

14-павярховы шкляны будынак факультэту міжнародных адносінаў, надзіманы спарткомплекс і культурны цэнтар у самым цэнтры Менску, а таксама рэканструкцыя галоўнага будынку на плошчы Незалежнасьці разам з заснаваньнем аэракасьмічнага факультэту — усе гэтыя пляны Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт спадзяецца ажыцьцявіць у бліжэйшыя чатыры гады.


Будаўніцтва новага корпусу амаль цалкам завершанае.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт ужо празь некалькі тыдняў атрымае ва ўласнасьць адзін з самых прасунутых унівэрсытэцкіх карпусоў у Беларусі — факультэт міжнародных адносінаў справіць улазіны у будынку на Прывакзальнай плошчы ў лютым.

Па сьведчаньнях пабываўшых у корпусе журналістаў, шкляны 14-павярховы будынак валодае 5 хуткаснымі ліфтамі, яго падлогу пакрывае мармуровая плітка, а «прасторныя холы» забітыя «мяккімі канапамі для адпачынку», зь якіх адкрываецца «цудоўны выгляд на Менск».

А батарэі ня грэюць…

Але літаральна ў пяці кроках ад новага хай-тэк будынку на Прывакзальнай знаходзіцца стары галоўны корпус БДУ. Яго не рамантавалі ўжо 50 гадоў і гэта могуць адчуць усе студэнты. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту прызнае, што ў галоўным будынку нават батарэі ня грэюць, а праводка гарыць ад перагрузак на сеціва.

«Мы ўжо даўно перасягнулі ўсе тэхнічныя нормы», — кажа прарэктар па эканоміцы і інвэстыцыях унівэрсытэту Ўладзімір Панарадаў.

Але на рэканструкцыю, у адрозьненьне ад выпадку са шкляным хмарачосам насупраць вакзалу, грошай няма. У БДУ спадзяюцца, што нешта падкіне дзяржава. Прынамсі, па плянах ужо з 2012 году рэканструкцыя галоўнага корпусу мусіць пачацца.

Іншая праблема — адсутнасьць месца ў студэнцкіх інтэрнатах. Таму болей за 6 тысячаў студэнтаў БДУ вымушаныя здымаць кватэры. Нягледзячы на тое, што першы ўзьведзены ў Студэнцкай вёсцы будынак дастаўся якраз БДУ, унівэрсытэт наўзамен за год згубіў адразу тры інтэрнаты: адзін зьнесьлі, другі перадалі музэю, а трэці закрылі на рэканструкцыю перад чэмпіянатам сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Ды і кітайскіх з туркмэнскімі студэнтамі трэба недзе сяліць.

Таму ў БДУ зь нецярпеньнем чакаюць сканчэньне будаўніцтва яшчэ аднаго інтэрнату ў Студвёсцы.

Надзіманы спарткомплекс і аэракасмічны факультэт

Але ўнівэрсытэт выдаткоўвае грошы на іншыя праекты. Напрыклад, на будоўлю яшчэ двух спарткомлексаў.

Па словах прарэктара Ўладзіміра Панарадава, ужо празь некалькі гадоў у менскім раёне Шчамысьліца зьявіцца распрацаваны ў БДУ паветраапорны (надзіманы) спарткомплекс з гульнявымі залямі і стадыёнам на адкрытым паветры. Дадатковы культурна-спартыўны цэнтар для студэнтаў БДУ са спартзаляй, бібліятэкай і сталовай можа зьявіцца ў самым цэнтры Менску.

Яшчэ адзін арыгінальны праект БДУ — адкрыцьцё аэракасьмічнага факультэту. Празь некалькі месяцаў Беларусь ажыцьцявіць другую спробы стаць касьмічнай дзяржавай, запусьціўшы на расейскай ракеце айчынны спадарожнік. Але, як высьвятляецца, працаваць з дадзенымі спадарожніка асабліва няма каму.

«Патрэбныя спэцыялісты, якія апрацоўвалі б спадарожнікавую інфармацыю. Прычым гэта пытаньне не заўтрашняга дня, — кажа прарэктар. Па яго словах, краіне моцна не хапае аэракасьмічнага факультэту, які б мог адкрыцца якраз у БДУ. — Ужо сёньня можна прымаць і апрацоўваць дадзеныя са спадарожнікаў іншых краін. Таму, калі мы запусьцім свой спадарожнік, то зможам ня толькі атрымліваць інфармацыю, але і прадаваць яе», — мяркуе галоўны спэцыяліст па эканоміцы БДУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0713 seconds.