У наступным годзе студэнтаў БДУ чакае вялікі пераезд

Адразу тры факультэты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту могуць зьмяніць сваю прапіску ў наступным годзе. Зьвязана гэта з адкрыцьцём новага корпусу на Прывакзальнай плошчы і пераездам туды Факультэту міжнародных адносінаў. Пераехаць у іншыя будынкі таксама могуць Эканамічны і Мэханіка-матэматычны факультэты.


Будаўніцтва новага корпусу амаль цалкам завершанае. Фота аўтара

У пачатку 2012 году БДУ абяцае скончыць свой самы грандыёзны даўгабуд: будынак Факультэту міжнародных адносінаў на Прывакзальнай плошчы.

«Спадзяюся, нашы пляны па адкрыцьці новага будынку ажыцьцявяцца», — заявіў у інтэрвію БелТА рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Будаўніцтва шклянога корпусу пачалося дзевяць гадоў таму і адразу ж азмрочылася скандалам: будоўля праходзіла наўпрост над нядаўна адчыненым рэстаранам McDonald`s. Амэрыканская кампанія нават падала ў суд на БДУ, але справа скончылася мірным пагадненьнем: тагачасны рэктар унівэрсытэту Аляксандр Казулін паабяцаў дабудаваць корпус за два гады.

Але будоўля не завяршылася ні праз 2 гады, ні праз 8. McDonald`s замарозіў свае праграмы ў Беларусі, а студэнты Факультэту міжнародных адносінаў усё гэтак жа жылі ў чаканьні новага будынку.


Так выглядаў новы корпус у 2007 годзе. Фота Валажынскага В.Г., верасень 2007 г.

Дарэчы, у новым корпусе БДУ абяцае адкрыць найбольш інавацыйную аўдыторыю ў Беларусі:

«На факультэце будзе адкрытая „аўдыторыя будучыні“. Тут будуць ужывацца сучасныя сродкі мультымэдыя і чытацца лекцыі з выкарыстаньнем устаноўкі інтэрактыўнага мультымедыавідэапраектару», — распавёў Сяргей Абламейка.

«Гэтая устаноўка не патрабуе адмысловых экранаў. Любыя выявы лекцыі, прэзэнтацыі можна будзе трансьляваць у сеткі БДУ, а таксама ў вонкавых сетках і Інтэрнэце. Прычым выкладчыкі змогуць бачыць студэнтаў у розных аўдыторыях, адказваць на іх пытаньні. Аўдыторыя таксама дае магчымасьць трансьляцыі лекцый у Інтэрнэце».

Матэматыкі і эканамісты таксама пераедуць

А вось лёс цяперашняга будынку Факультэту міжнародных адносінаў на вуліцы Акадэмічнайпакуль невядомы. Раней у інтэрвію tut.by рэктар БДУ казаў, што туды можа пераехаць Эканамічны факультэт, што цяпер месьціцца разам зь Філялягічным факультэтам на вуліцы Маркса. Па словах Абламейкі, усё залежыць ад эканамістаў: «Калі яны самі захочуць, то пераедуць», — сказаў ён.

Яшчэ адзін пераезд вымусяць зрабіць матэматыкаў і праграмістаў з галоўнага корпусу. У наступным годзе распачнецца праца над праектам рэканструкцыі будынку на плошчы Незалежнасьці, і празь некаторы час студэнтам і выкладчыкам прыйдзецца шукаць новыя аўдыторыі: корпусу патрэбны сур’ёзны рамонт. Зрэшты, рэктар пакуль не сьпяшаецца называць дакладныя тэрміны пачатку працаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.