У студэнтаў забралі даплату да стыпэндый

Другі раз за апошнія паўгады зьмяняецца парадак выплаты студэнцкіх стыпэндый. Скасоўваюцца штомесячныя даплаты ў 65% ад стыпэндый, якія былі ўведзеныя ў лістападзе, а таксама зьмяняюцца правілы налічэньня стыпэндый ад тарыфных ставак. Пакуль няясна, як гэтыя зьмены паўплываюць на рэальныя стыпэндыі: яны могуць як вырасьці, гэтак і зьменшыцца.

Сёньня Лукашэнка падпісаў указ, які чарговы раз зьмяняе правілы налічэньня стыпэндый. Скасоўваюцца даплаты ў 65% ці 124 тысячы рублёў, якія былі ўведзеныя два месяцы таму. Тады даплаты называліся часовымі, а ўраду надавалася права ўносіць прапановы па іх карэктыроўцы ці скасаваньні. Выглядае, якраз другім правам і вырашыў скарыстацца беларускі ўрад.

Таксама з 1 студзеня 2012 году зьмяняецца парадак налічэньня стыпэндый студэнтам ВНУ. Зь нядаўняга часу яны вылічваліся як 126% ад тарыфнай стаўкі першага разраду. Аднак сёньня стаўка была ўзьнятая прыкладна на траціну, а заробкі бюджэтнікаў у выніку — на 20%. На столькі ж, паводле паведамленьня прэс-службы прэзыдэнта, мусяць цяпер вырасьці і стыпэндыі.

Але новы ўказ прэзыдэнта не апублікаваны, ад таго ацаніць сапраўдны памер стыпэндый, якія студэнты атрымаюць ужо ў студзені, немагчыма. Але ёсьць два сцэнары: пэсымістычны і аптымістычны.

Паводле першага, рост стыпэндый у 20% разьлічаны ад папярэдніх сьнежаньскіх выплатаў. Мінімальная стыпэндыя ў гэтым месяцы склала каля 316 тысячаў, значыць, у студзені 2012 студэнты здымуць з картак мінімум 380 тысячаў рублёў.

Паводле другога, пэсымістычнага сцэнару, стыпэндыі ўпадуць на 28%, бо ўсталююць іх на ўзроўні 228 тысячаў (рост на 20%, але адносна тарыфнай стаўкі без даплаты, якую сказавалі).

Які з гэтых прагнозаў спраўдзіцца, мы даведаемся адразу пасьля публікацыі поўнага тэксту ўказу прэзыдэнта. Пачне дзейнічаць ён з 1 студзеня 2012 году.

Папярэдняе падвышэньне стыпэндый адбылося два месяцы таму. Да гэтага выплаты навучэнцам расьлі амаль штомесяц. Але валютная блытаніна хутка «зьядала» іх: калі ліпеньскія мінімальныя стыпэндыі раўняліся $31, то верасьнёўскія «ўзьнялі» да $26, кастрычніцкую ж — да $25. Лістападаўская ж склала $34.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.079 seconds.