Стыпэндыі «ўзьнялі» на мінус 1 даляр

Улады абвясьцілі аб рэформе сыстэмы выплат студэнтам: цяпер стыпэндыі будуць прывязаныя да росту заробкаў бюджэтнікаў. Хаця ў рублёвым эквіваленце стыпэндыі растуць, яны ўсё роўна не пасьпяваюць за тэмпамі інфляцыі і курсам даляра.


Як студэнтам стыпэндыі падвышалі? (у далярах ЗША)

Зь верасьня беларускія студэнты будуць атрымліваць крыху большыя стыпэндыі, чым улетку.

«Па нашых папярэдніх падліках, ужо ў верасьні сярэдняя стыпэндыя студэнта складзе 280 тысячаў беларускіх рублёў», — заявіў у інтэрвію СТВ намесьнік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык.

У ліпені, калі было абвешчана аб папярэднім антыкрызысным падвышэньні выплатаў студэнтам, сярэдняя стыпэндыя ў 200 тысячаў на электронным рынку раўнялася прыкладна 33 далярам.

Але верасьнёўскія стыпэндыі не дацягваюць нават да гэтай неверагодна сьціплай сумы: у пералік на электронны курс, беларускія студэнты ў першы навучальны месяц новага сэмэстру атрымаюць у сярэднім па 32 амэрыканскіх даляры. А тыя, хто атрымлівае мінімальную стыпэндыю, — і таго меней: прыкладна 26 даляраў. Гэткімі прыбыткамі беларускія навучэнцы маглі пахваліцца яшчэ ў 2004 годзе.

Стыпэндыю прывязалі да заробку выкладчыкаў

Сёньня ж Лукашэнка падпісаў указ, які зьмяняе парадак выплатаў стыпэндый. Цяпер яны будуць разьлічвацца ў залежнасьці ад тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэтак сама, як і ўсе заробкі бюджэтнікаў у краіне.

Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, «такі падыход дазволіць спрасьціць парадак падліку стыпэндый і будзе садзейнічаць іх апэратыўнаму пераразьліку». Такім чынам, стыпэндыі будуць прывязаныя да заробкаў выкладчыкаў, а, значыць, да росту коштаў на навучаньне: менавіта з ростам заробкаў апошнім часам у беларускіх ВНУ прынята зьмяняць тарыфы.

Але пакуль стыпэндыі зьніжацца ці расьці ў рублёвым эквіваленце ня будуць. Прынамсі, да моманту зьмены тарыфнай стаўкі, што чакаецца даволі хутка.

Таксама падкінуць грошай магістрантам (іх стыпэндыі стануць роўнымі выплатам бакаляўрам-выдатнікам) і БРСМаўцам:

«Указ прадугледжвае павелічэньне на 0.4% фонду матэрыяльнай дапамогі і надбавак студэнтам за ўдзел у грамадзкай і навуковай працы. У грашовым выражэньні гэта каля 2 мільярдаў беларускіх рублёў, якія будуць накіраваныя ў адпаведныя фонды ВНУ».

Такім чынам, кожны грамадзка актыўны студэнт зможа прэтэндаваць на дадатковыя 5 тысячаў рублёў у год у выпадку ўдзелу ва ўхваленай дэканатамі дзейнасьці.

*курс даляра прыведзены паводле сайту prokopovi.ch на 07-02-2011.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0571 seconds.