Што чакае студэнтаў у 2012 годзе
Змагацца са сьпісваньнем «аж да адлічэньня», а за хабар — да турмы для студэнтаў абяцалі ў наступным годзе беларускія чыноўнікі. Акрамя гэтага, беларускіх студэнтаў у 2012 годзе чакае ўзьняцьце платы за адукацыю і стыпэндый, разьмеркаваньне па новых правілах і міжнародны дыплём, рост колькасьці аднакурсьнікаў з Кітаю і пісьмовыя іспыты. Мы ўгледзеліся ў некаторыя найбольш амбітныя пляны, што яшчэ збольшага не ўвасобіліся на паперы, але аб намеры ажыцьцявіць якія ня раз казалі людзі зь Мінадукацыі.
Стыпэндыі вырастуць, плата за навучаньне — таксама
У
Гэтым разам рост расцэнак можа аказацца падобным да пярэдніх узьняцьцяў — у сярэднім на 20–25%. Гэта значыць, што за магчымасьць вывучаць прыродазнаўства ў БДУ прыйдзецца плаціць да 11.7 мільёнаў у год, а за курсы ў Акадэміі кіраваньня — каля 9.6 мільёнаў.
Аднак падвышэньне тарыфнай стаўкі пацягне за сабой і рост студэнцкіх стыпэндый. Мінімальныя выплаты навучэнцам ужо ў студзені ці лютым верагодна ўздымуцца да 380 тысячаў.
Разьмяркуюць ужо на чацьвёртым курсе
З наступнага году студэнты змогуць адчуць усе «перавагі» Кодэксу аб адукацыі. Паводле яго разьмяркоўваць будуць нават пасьля платнага, калі студэнт болей за палову тэрміну навучаньня вучыўся за кошт дзяржавы. Прымусова накіруюць на працу і пасьля платнай магістратуры, калі да яе студэнт вучыўся за бюджэтныя сродкі. Гэта бязьмежна ўскладніць жыцьцё тым, хто пажадае вучыцца пасьля атрыманьня дыплёму спэцыяліста за мяжой.
Сама працэдура разьмеркаваньня таксама зьменіцца. Цяпер разьмяркоўваць бясплатнікаў будуць на год раней, і не абавязкова ў першую чаргу ў дзяржаўныя ўстановы. Але ў любым разе, меркаваньне студэнтаў спытаюць у апошнюю чаргу.
Студэнтаў могуць пачаць саджаць за хабар
Беларускія выкладчыкі працягнуць браць хабар. У перадкрызысным
Намесьнік міністра адукацыі Жук неяк даволі жорстка выказаўся з гэтай нагоды, заявіўшы, што пракуратура і міліцыя пакуль ня ведаюць, як змагацца з карупцыяй ва ўнівэрсытэтах. І прапанаваў перакласьці віну на студэнтаў:
«Калі студэнты заявілі аб хабары, яны вызваляюцца ад адказнасьці, але гэта грубейшае парушэньне правілаў унутранага распарадку, і кіраўнік навучальнай установы мае права іх выключыць», — казаў Жук. На думку намесьніка міністра, узмацненьне адказнасьці студэнтаў, якія даюць хабар, дапаможа палепшыць сытуацыю з карупцыйнымі злачынствамі ва ўстановах адукацыі. Наступным за адлічэньнем крокам можа стаць крымінальная адказнасьць для студэнтаў.
Навучальныя праграмы скароцяць, каб вучыць хутчэй
2011 год Міністэрства адукацыі скончыла ў сьпешнай перапрацоўцы адукацыйных стандартаў пасьля заявы Лукашэнкі аб тым, што ва ўнівэрсытэце вучаць шмат чаго непатрэбнага.
«Прыкладна на траціну мы навучаем студэнтаў таму, што потым абсалютна не спатрэбіцца ў жыцьці, — казаў Лукашэнка ўлетку. — І мы ведаем, тут хаваць няма чаго: у ВНУ многія студэнты асобныя прадметы амаль не вывучаюць ці толькі для таго, каб здаць залік або іспыт, паколькі гэта ім у будучыні не спатрэбіцца».
Такімі вось «непатрэбнымі ведамі», відаць, і ёсьць беларуская мова. Менавіта яна аказалася пад пагрозай выкіданьня з адукацыйных праграм. Замест моўнай падрыхтоўкі студэнтаў у апошні год навучаньня адправяць на падрыхтоўку працоўную, альбо папросту скароцяць навучаньне да чатырох гадоў.
Іспыты могуць абавязаць здаваць толькі пісьмова
Мінадукацыі нечакана вырашыла «рашуча змагацца» са сьпісваньнем на экзамэнах. Намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук нават прыгразіў адлічэньнем тым, хто надумае падглядзець ў шпаргалкі.
«Сьпісваньне падчас атэстацыйных экзамэнацыйных мерапрыемстваў трэба разглядаць як грубае парушэньне правілаў унутранага распарадку ці як дысцыплінарны праступак, а парушальніка трэба прыцягваць да дысцыплінарнага пакараньня — аж да адлічэньня», — казаў Жук у лютым 2011.
Перамагчы сьпісваньне, а заадно і хабарніцтва Мінадукацыі плянуе пераводам усіх экзамэнаў у пісьмовую форму, а таксама стварэньнем адмысловых камісій для іх здачы. То бок у наступную сэсію студэнты могуць здаваць іспыт ужо не аднаму выкладчыку, а адразу некалькім.
Кітайскіх студэнтаў стане болей
Выправіць цяжкую эканамічную сытуацыю ўрад вырашыў арыгінальным мэтадам: «агрэсіўным» ростам «экспарту адукацыйных паслугаў» , то бок прыцягненьнем у краіну як мага болей замежных студэнтаў і іх грошай.
А большая частка замежнікаў у беларускіх унівэрсытэтах прыехалі з Туркмэністану і Кітаю. Верагодна, на патэнцыял апошніх і разьлічвае Мінадукацыі, калі кажа аб трохразовым росьце колькасьці замежных студэнтаў — зь цяперашніх 10 тысячаў да 30.
«На сусьветным рынку адукацыйных паслуг ВНУ трэба працаваць ня проста актыўна, а нават агрэсіўна», — піша журналістка БелТА Юлія Ваніна.
А пакуль Мінадукацыі ня меней агрэсіўна спрабуе далучыцца да Балоньскага працэсу, галоўная нагода для чаго, і гэтага не хавае міністар адукацыі Маскевіч, — павелічэньне колькасьці замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ.
Фактычна, адмыслова для замежнікаў дзяржава зьбіраецца будаваць два дзесяткі новых студэнцкіх інтэрнатаў на 20 тысячаў чалавек. Менавіта столькі замежных студэнтаў плянуецца прыцягнуць у краіну ў бліжэйшыя гады, якіх, як вядома, прынята засяляць у першую чаргу.
Міжнародны дыплём
А адным зь першых крокаў па далучэньні да Балоньскай сыстэмы стане ўвядзеньне ў Беларусі новага ўзору дыплёму аб вышэйшай адукацыі, які б супадаў з эўрапейскім. Распрацоўкай узору занятае ужо другі год Міністэрства адукацыі.
У новым дыплёме будзе адлюстраваная інфармацыя аб колькасьці праслуханых гадзін, адзнаках і крэдытах (ёмістасьць кожнага прадмету будзе вымярацца ў эўрапейскай сыстэме «крэдытаў»), якія набраў студэнт за час свайго навучаньня. Увядзеньне новага варыянту дыплёму спрасьціць прызнаньне беларускай адукацыі за мяжой.
Завочнікаў стане значна меней
Сёлета Міністэрства адукацыі нечакана вырашыла вярнуць «першапачатковы сэнс» завочнай форме навучаньня і прапанавала скараціць колькасьць завочнікаў на 20%.
«Трэба вярнуць першапачатковы сэнс завочнай форме навучаньня, як навучаньню без адрыву ад вытворчасьці з мэтай павышэньня кваліфікацыі ці атрыманьня новай спэцыяльнасьці, — казаў з гэтай нагоды Аляксандр Жук. — На завочную павінныя паступаць асобы, занятыя працоўнай дзейнасьцю. Таксама, трэба захоўваць разумныя прапорцыі — колькасьць завочнікаў не павінна перавышаць 30–40% ад агульнай колькасьці студэнтаў ВНУ».
У гэтым годзе ўжо быў троху скарочаны набор на завочнае. Але да дасягненьня агучаных мэтаў яшчэ далёка. Наступствы спробы «пазбавіцца» ад завочнікаў (а болей за ўсё іх у прыватных ВНУ) студэнты адчуюць толькі празь некалькі гадоў. Пакуль у беларускіх унівэрсытэтах і інстытутах на завочным вучыцца прыкладна столькі ж студэнтаў, колькі і на вочным.