Беларускую мову рыхтуюцца чарговы раз прыбраць з ВНУ

Мінадукацыі рыхтуе новыя праграмы навучаньня студэнтаў, і ў іх, верагодна, можа не аказацца дысцыпліны «Беларуская мова: прафэсійная лексыка». Зьмены ўносяцца на загад Аляксандра Лукашэнкі. Спроба пазбавіцца ад беларускай ва ўнівэрсытэтах - ня першая за апошнія гады.

ВНУ могуць застацца безь беларускай мовы. Паводле неназванай крыніцы выданьня «Салідарнасьць», дысцыпліну «Беларуская мова: прафэсійная лексыка» хочуць выключыць з праграмы навучаньня на нефілялягічных спэцыяльнасьцях. Іншымі словамі, матэматыкі, фізыкі і ўсе астатнія спэцыялісты (за выключэньнем філёлягаў), якіх рыхтуюць у беларускіх ВНУ, будуць пазбаўлены магчымасьці вывучаць родную мову.

Зьмены прыйдуць разам з увядзеньнем новых стандартаў для вышэйшых навучальных устаноў, якія цяпер распрацоўвае Міністэрства адукацыі пасьля заявы Лукашэнкі аб тым, што ва ўнівэрсытэце вучаць шмат чаго непатрэбнага.

«Прыкладна на траціну мы навучаем студэнтаў таму, што потым абсалютна не спатрэбіцца ў жыцьці, — заявіў Лукашэнка ўлетку на сустрэчы зь міністрам адукацыі Маскевічам. — І мы ведаем, тут хаваць няма чаго: у ВНУ многія студэнты асобныя прадметы амаль не вывучаюць ці толькі для таго, каб здаць залік або іспыт, паколькі гэта ім у будучыні не спатрэбіцца».

Такімі вось «непатрэбнымі ведамі», відаць, і аказалася беларуская мова.

«Гэтая сытуацыя для нас вядомая, — заявіў „Салідарнасьці“ кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў. — Міністэрства адукацыі ўжо некалькі разоў выкідала беларускую мову з праграмы, а ТБМ яе вяртала назад. Мы зьвярталіся нават у Адміністрацыю прэзыдэнта і дабіваліся свайго. Калі і зараз сытуацыя паўтарыцца, мы будзем змагацца за мову да канца».

На жаль, атрымаць афіцыйны камэнтар чыноўнікаў не удалося. У аддзеле вышэйшай адукацыі Міністэрства заявілі, што «ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі». Які лёс у новых стандартах падрыхтавалі беларускай мове, не патлумачылі.

Па словах распрацоўшчыкаў цяперашняй праграмы выкладаньня, студэнты будуць вывучаць беларускую мову як мінімум бліжэйшыя два гады.

Выкладаньне гісторыі Беларусі і геаграфіі у старэйшых клясах расейскамоўных школаў было пераведзенае на расейскую мову з 1 верасьня 2006 году. Здарылася гэта з-за зьяўленьня адпаведнай інструкцый тагачаснага міністара адукацыі Аляксандр Радзькова.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.