Са студэнтаў БДУІР зьбіраюць грошы на будоўлю музэю ВАВ

Па 500 рублёў патрабуе са студэнтаў БДУІР кіраўніцтва ВНУ на будоўлю музэю ВАВ. У аддзяленьні БРСМ кажуць, што ўнёсак — справа дабрачынная, але імпэт студэнтаў у здачы сродкаў дазваляе сумнявацца ў гэтых заявах. Таксама ва ўнівэрсытэце кажуць, што будаваць музэй дапамагаюць IT-атрады.


Музэй ВАВ ужо будуецца ў Вясьнянцы

У сацыяльныя сеткі трапілі здымкі пустых і запоўненых блянкаў, прызначаных для збору «ахвяраваньняў» на будоўлю музэю ВАВ. Адзін з такіх здымкаў з камэнтаром «Ё*аны п*зьдзец» выклаў юзэр Твітэру і студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі _Fantonio_. На ім бачны пусты блянк пад назовам «Ведамасьць. Збор сродкаў на будаўніцтва музэю ВАВ».

На іншым здымку, што апублікаваў партал onliner.by, палі запоўненыя студэнтамі БДУІР. Кожны зь іх унёс па 500 рублёў.

«Збор быў арганізаваны па лініі БРСМ, — кажуць у прэс-службе ўнівэрсытэту. — Ахвяраваньні добраахвотныя, ВНУ на хлопчыкаў і дзяўчынак паўплываць ня можа. Думаем, калі гэта і невялікія сумы, то для студэнтаў даравальна. Ім цяпер нялёгка».


Калаж realt.onliner.by

Аказваецца, гэта ўжо ня першае ахвяраваньне студэнтам на чарговую будоўлю стагодзьдзя. Улетку навучэнцаў адправілі на будаўнічую пляцоўку, дзе за працу ім не заплацілі:

«Акрамя таго, усё лета нашы навучэнцы бясплатна працавалі на будоўлі музэю. Дапамагалі і IT-атрады».

Па папярэдніх падліках музэй ВАВ можа абысьціся дзяржаве мінімум у 170 млрд. рублёў. Калі гэтыя грошы і надалей будуць зьбіраць у студэнтаў, то ахвяраваньнямі ў 500 рублёў прыйдзецца ахапіць 340 мільёнаў чалавек (у Беларусі цяпер каля 540 тысячаў студэнтаў).

Рэспубліканская акцыя па зборы сродкаў распачалася ў красавіку мінулага года. Апошні раз сума, што была сабраная цягам гэтай акцыі, агучвалася ў лютым 2011. Да таго часу на рахункі паступіла 29 мільёнаў рублёў. Грошы пералічвалі структуры Менгарвыканкаму, райвыканкамы, спарткомплексы. А самае значнае ахвяраваньне ўнесла вэтэран вайны з Гомеля Марыя Сазоненкава. Яна пералічыла 17 мільёнаў рублёў уласных зьберажэньняў.

Таксама сэрыю рэпартажаў, прысьвечаных музэю гісторыі ВАВ, рыхтуе беларускае тэлебачаньне. Сюжэты будуць накіраваныя на падтрымку будаўніцтва будынку і паказаныя ў эфіры перадачы «Добрай ранiцы, Беларусь!».

Скончыць будаўніцтва музэю плянуюць у 2014 годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0695 seconds.