Студэнты БНТУ сьпяць у пальчатках, а ў віцебскіх інтэрнатах ночаць банкіры

Дзяржава ў асобе Камітэту дзяржкантролю спрабуе разабрацца ў тым, што цяпер адбываецца ў студэнцкіх інтэрнатах. За некалькі дзён праверак і тэлефонных ліній высьветлілася, што ў некаторых інтэрнатах дагэтуль няма ацяпленьня, а ў іншых замест студэнтаў жывуць банкіры і будаўнікі.

Студэнты зь інтэрнату № 6 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту вымушаныя ночыць у шапках і пальчатках, паколькі ацяпленьне і гарачую ваду ў гэтым будынку дагэтуль і не ўключылі. Пра гэта сьведчылі навучэнцы, што датэлефанаваліся да прадстаўнікоў Камітэту дзяржкантролю па гарачай лініі 19 кастрычніка. Аб іншых 36 званках на гэту лінію піша сайт КДК.

«Вывучэньне сытуацыі ў Віцебскай вобласьці паказала, што ў гэтай сфэры існуе нямала праблем», — заявіла прадстаўніца камітэту.

Маецца на ўвазе нядаўняя праверка інтэрнатаў на Віцебшчыне, у час якой высьветлілася, што ў адзін зь інтэрнатаў замест студэнтаў засялілі супрацоўнікаў будаўнічых кампаній і банкаў. У выніку ў тых нешматлікіх пакоях, якія займалі студэнты, ложкі паставілі на адлегласьці 16 сантымэтраў, бо ў трохмясцовыя пакоі засялілі па пяць чалавек.

Частка званкоў паступіла з рэгіёнаў. Гэтак, вучню аграрнага каледжу ў Ляхавічах прыгразілі высяленьнем, калі ён ня знойдзе грошы на ўцяпленьне вокнаў ва ўласным пакоі. Званілі і абураныя бацькі студэнтаў Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту: першакурсьнікам спачатку паабяцалі засяленьне ў інтэрнат, а пасьля адмовілі. Як мы пісалі раней, частку студэнтаў гэтага ВНУ засялілі ў плывучы гатэль, бо новы корпус інтэрнату яшчэ не дабудавалі.

Камітэт паабяцаў праверыць усе звароты да 28 кастрычніка. Верагодна, да гэтай даты ў студэнтаў БНТУ ацяпленьне ўсё ж зьявіцца.

UPD. Падобная сытуацыя, па словах студэнтаў, назіраецца і ў інтэрнаце Акадэміі мастацтваў. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.