Студэнты заплацілі $2 000 за здачу іспыту. Але не туды
Каля $2 000 заплацілі расейскія студэнты за пасьпяховую здачу экзамэнаў і залікаў. Але, як высьветлілася, грошы яны аддалі не «сваякам выкладчыкаў», як самі думалі, а махлярам у парыках.
Дваццаць студэнтаў Растоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту шляхоў спалучэньня (РГУПС) сталі ахвярамі ашуканцаў, якім яны аддалі грошы за пасьпяховую здачу іспытаў і залікаў. Але замест добрых адзнакаў (за іх яны заплацілі 60 тысячаў расейскіх рублёў — каля $2 000) студэнты атрымаюць пазоў у суд у якасьці сьведкаў махлярства.
Як піша Lenta.ru са спасылкай на Паўднёвую транспартную пракуратуру Расеі, у злачыннай групоўцы махляроў удзельнічалі 4 чалавекі. Адна зь іх прадстаўлялася пляменьніцай загадчыка катэдры ўнівэрсытэту. Пад падставай сувязяў зь кіраўніцтвам ВНУ у студэнтаў, разьбітых на групы па пяць чалавек, зьбіралі грошы і залікоўкі, быццам для таго, каб паставіць добрыя адзнакі.
Пры гэтым, па дадзеных сьледзтва, ашуканцы захоўвалі «строгую кансьпірацыю». Яны выкарыстоўвалі выдуманыя імёны, а таксама зьмянялі зьнешнасьць з дапамогай грыму і парыкоў, каб ня быць пазнанымі.
Расьсьледаваньне крымінальнай справы аб махлярстве завершанае, і яго матэрыялы накіраваныя ў суд.
Шантаж студэнтаў
У 2006 годзе ў гэтым расейскім унівэрсытэце ўжо было зьдзейсьненае незвычайнае махлярства. Адзін са студэнтаў-завочнікаў, пяцікурсьнік Мікалай Жывы папрасіў выкладчыка напісаць за яго кантрольную працу, прапанаваўшы за гэта тысячу расейскіх рублёў (каля $300). Пасьля выкананьня заданьня студэнт стаў шантажаваць выкладчыка, заявіўшы, што працуе ў ФСБ і быццам займаецца выяўленьнем хабарнікаў у ВНУ.
Жывы прапанаваў пацярпеламу «вырашыць пытаньне» са сваім кіраўніком, у ролі якога выступіў яшчэ адзін студэнт — Амір Саліх.«Кіраўнік» сказаў, што крымінальнага перасьледу можна пазьбегнуць за сто тысячаў расейскіх рублёў, і падчас перадачы грошай абодва махляра былі затрыманыя.