Студэнты будуць атрымліваць столькі ж, колькі і сем гадоў таму

З 1 кастрычніка ўсьлед за стаўкай першага разраду растуць студэнцкія стыпэндыі. Праўда, толькі ў рублях — у валютным эквіваленце яны працягваюць падаць. Апошняе «падвышэньне» апускае стыпэндыі да ўзроўню 2004 году.

Урад абвясьціў аб узьняцьці стаўкі першага разраду да 151 тысячы. Зь нядаўняга часу стыпэндыі прывязаныя менавіта да гэтай велічыні, ад чаго ўжо кастрычніцкія студэнцкія стыпэндыі мусяць узьняцца да 190 тысячаў. Такой будзе мінімальная стыпэндыя.

Папярэдняе падвышэньне стыпэндый адбылося толькі месяц таму. Але валютная блытаніна зьехала і яе: калі ліпеньскія мінімальныя стыпэндыі раўняліся $31, то верасьнёўскія «ўзьнялі» да $26. З кастрычніка ж стыпэндыя складзе ўсе $25.

БДУшнікам на 30% болей

Верасьнёўскі ўказ прэзыдэнта расставіў дзяржаўныя прыярытэты: на 15% болей атрымаюць студэнты Акадэміі кіраваньня, на 30% — студэнты БДУ. Калі ж студэнт вучыцца крыху лепей, чым на 6, то можа разьлічваць на надбаўку ад 10% да 60% да мінімальнай стыпэндыі.

Такім чынам, максымум, на які можа разьлічваць студэнт БДУ, што вучыцца на выдатна, — 400 тысячаў рублёў ці $52. Гэтак блізка да мінімальнай стыпэндыі, якую атрымлівала беларускае студэнцтва у, гледзячы па ўсім, лепшыя свае гады, — лістападзе-сьнежні 2008 году да першай навагодняй дэвальвацыі.

Тыя ж маладыя людзі, што наважацца прысьвяціць сябе беларускай навуцы, альбо проста адкасіць ад войска і арміі, ды пойдуць вучыцца ў магістратуру, змогуць разьлічваць на стыпэндыі ў 300 тысячаў рублёў.

Стыпэндыі на новы лад пачнуць разьлічваць ужо з кастрычніка 2011 году. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.