У Менску за 4 дні пройдзе болей 100 пэрфомансаў

22 верасьня 2011 года ў Менску пачнецца дзесятая сустрэча LPM — Live performers Meeting. На працягу чатырох дзён каля 200 ўдзельнікаў Live Performers Meeting з 22 краін сьвету прэзэнтуюць больш за 100 пэрформансаў. Гэта 4 дні аудыё-відэа пэрформансаў і VJ-інгу, сэмінараў, дыскусій і прэзэнтацый новых тэхналёгій і софту.

LPM зьбірае прадстаўнічую міжнародную суполку віджэяў, аўдыёвізуальных артыстаў, спэцыялістаў па новых мэдыя і дасьледчыкаў з усяго сьвету.

LPM трымаецца чатырохдзённай формулы, але на гэты раз розныя накірункі мастацкіх пошукаў мы прадставім крыху інакш: дзесяткі пэрформансаў і твораў, прысьвечаных пэўным тэмам, будуць праходзіць штодня — без прывязкі да адной агульнай «тэмы дня». Такім чынам, мы прапануем цікавую і насычаную праграму і кожны дзень будзем знаёміць вас з разнастайнымі творчымі практыкамі і спрыяць узаемаабмену ведамі і досьведам на воркшопах, прэзэнтацыях і дыскусіях.

Экспэрымэнт — адзін з галоўных элемэнтаў філязофіі LPM Minsk.

У цэнтры ўвагі LPM — Жывое Відэа. Мы імкнемся дасьледаваць і прэзэнтаваць аспэкты жывых відэа-практык, якія, на нашу думку, адыгрываюць важную ролю ў сучасным культурным працэсе.

LPM — гэта творчае асяродзьдзе, сьвята яднаньня новых тэхналёгій, таленту, творчасьці, музыкі і зносін. Гэта і плятформа для абмену досьведам і ведамі.

Падрабязную праграму можна знайсьці на сайце мерапрыемства
www.liveperformersmeeting.net

Месца падзеяў: У Менску LPM пройдзе на дзьвюх культурных пляцоўках — у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і Loft cafe.

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» будуць разьмешчаны трывалыя інсталяцыі. У першай палове дня пройдуць воркшопы, а па вечарах — пэрформансы і вечарыны. Бар «Малако» штодзень і штовечар будзе зьбіраць удзельнікаў сустрэчы. Апроч таго, тут адбудуцца невялікія прэзэнтацыі і пэрформансы. Бар разам з выставачнай прасторай стане месцам для вечарын. Кнігарня «ЛогвінаЎ» прыме воркшопы LPM.

Начная прастора для візуальных пэрфомансаў, інсталяцый, VJ-турніра і вечарын будзе створана ў Loft cafe, якое трансфармуецца спэцыяльна для LPM.

Квіткі: Днём уваход вольны (акрамя платных воркшопаў).
Уваход на вячэрнюю і начную праграму — па квітках. Кошт квіткоў: пасьля 22:00 22 і 25 верасьня — 30.000 BYR, 23 і 24 верасьня — 50.000 BYR.

16:00, 22/09/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.