Працяг музычнага сэзону ў Шаблях: Akute, Vinsent і «У нескладовае»

Маленькі хутар Шаблі музычнага прадусэра Ўладзіміра Шаблінскага пачынае прэтэндаваць на летнюю музычную сталіцу Беларусі. Ва ўмовах амаль поўнай адсутнасьць адэкватных оўпэн-эйраў, гэта месца ўжо другі раз за апошні месяц становіцца неабцяжаранай рознымі «чорнымі сьпісамі» пляцоўкай для любой музыкі. Гэтым разам невялікі фэст «На траве-2» сабраў збольшага беларускамоўныя маладыя каманды, іх сяброў, гасьцей і некаторую колькасьць уласных прыхільнікаў. Выйшаў добры кактэйль з сур’ёзнага Vinsent, сумных Akute, шматлікіх «У нескладовае» і разьдзяўбайскіх Botanic Project з The Silicon на разагрэве.

Даўняе сьцьверджаньне беларускіх прамоўтэраў аб тым, што оўпэн-эйр робіць надвор’е, прайшло праверку на хутары Шаблі. Першая палова дня ў Менску не задалася, затое другая аказалася выдатнай: усе ўмовы, каб сесьці ва ўлюблёны мустанг, пракаціцца 80 км. па маляўнічых узгорках Валожыншчыны і ў выніку трапіць у гасьцінныя абдымкі Ўладзімера Шаблінскага — уладальніка аднайменнагу хутару, дзе мусіў прайсьці канцэрт «На траве-2». Аднак нешта ня склалася: ці то мустанг гэтым разам свавольнічаў, ці то валожынскія дарогі падвялі, аднак беларускі «сярэдні кляс» да фэсту не даехаў. Мабыць, акрамя добрага надвор’я не хапае яшчэ чагосьці, напрыклад, інфы аб фэсьце.

У выніку «на траве» тапталіся толькі некалькі сотняў ног, уладальнікі якіх былі хутчэй тымі самымі гасьцямі прадусара Шаблінскага, а не «звычайнымі» спажыўцамі беларускамоўнага року. Затое якімі гасьцямі! Чаго толькі варты «слэм» «рэжысёра» блакбасьцеру аб намесьніку міністра эканомікі Туры Андрэя Кабанава (той самы, хто «жыве не па сродках»). Прабіўшыся да мікрафону ў адзін зь перапынкаў паміж гуртамі, спадар Кабанаў не зусім выразна, але вельмі ўпэўнена запытаў у публікі: «У каго ёсьць бабло». Адказу не было, але трэнд быў падкрэсьлены.

Затое апошні аказаўся прадстаўлены ва ўсіх яго варыяцыях: ад учэплівых кампазыцый маскоўскіх мужыкоў «У нескладовае» да гераічнага Vinsent’а. І калі галоўная мэта першых, як падаецца, (а выступалі «У нескладовае» апошнімі, быццам намякаючы, пад каго ўвесь фэст заточаны) — прымусіць усіх вывучыць, што літара ‘Ў’ — ніякага роду (то бок нескладовае), то Vinsent (пішацца менавіта праз ‘s’ — «ня проста так», вучыць Зьміцер Вінсэнт сваіх музыкаў) мае ўжо на столькі багаты рэпэртуар, што можа выходзіць на любым канцэрце: ад салянкі ў гонар Дня сьвятога Валянціна да гераічных мітынгаў прыхільнікаў галяктычнага ШОСу.

Апошні, дарэчы, яскрава праступіў у творчасьці, здавалася б, найбольш далёкіх ад палітычных жарсьцяў дрэдастых і растаманістых Botanic Project. Пачаўшы з кампазыцыі пра тое, як «несвабодна ў гэтай краіне мне», далей хлопцы наўпрост выдалі ўсё пра «вусатага дыктатара» і завяршылі жыцьцярадасным паглыбленьнем ў сады і паркі Кінгстаўну празь неўміручае «No Woman No Cry». Магчыма, уся справа ва ўплыве таго ж Vinsent’а, новаяўлены на 25 сакавіка ў Варшаве гурт якога суцэльна складаецца з тых жа «батанікаў», толькі без вакалістаў.

Vinsent выканаў прыкладна тую ж праграму (значна зьменшаную), што і ў час свайго сольнага выступу ў «Рэактары», з джазавым дуэтам з Сашай Захарык ўлучна. Саша была ўсё гэтак жа сэксуальна, Зьміцер Vinsent працягваў апэляваць да нацыянальных пачуцьцяў і нагадаваў генэрацыі пра неабходнасьць далучацца да ратаваньня-будаваньня краіны.

Яшчэ адны ўдзельнікі суботняга канцэрту — Akute з Магілёву — у мінулым годзе засьвяціліся паўсюль, дзе толькі магчыма: ад Басовішча да Be2gether (на Басы гэтым разам яны зноўку выпраўляюцца), а таксама выпусьцілі і выклалі, як прынята цяпер у шляхетных дамах, альбом for free. Хлопцы крыху болей камунікуюць з публікай, але на заўвагу «ў нас тут усе песьні новыя» сыходзяць некуды ў сябе, і ў плаваньні па іхнім даволі модным цяпер гітарным рыфмам і сумным тэкстам мы застаемся самотнымі. Зрэшты, нягледзячы на пэўную мэйнстрывамасьць, музыка Akute нашмат бліжэйшая за аналягі. Мабыць, дзякуючы супольнай магілёўскай глебе і беларускай мове, што пакуль бесперапынна крочыць за музыкамі.

Болей фотаздымкаў у фотаблогу
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0806 seconds.