У ноч на нядзелю дзесяткі студэнтаў ЭГУ затрымалі на мяжы

У ноч з суботы на нядзелю дзесяткі студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту былі спынены на беларуска-літоўскай мяжы дзеля правядзеньня асабістага дагляду. Некаторых студэнтаў зьнялі з цягніку, некаторых — з аўтобуса, трапілі пад дагляд і тыя, хто ехаў на асабістым аўтамабілі. У асобных выпадках студэнты былі вымушаныя правесьці на мяжы да 5 гадзін.

Максім Мілто
ЭГУ мае вялікую падтрымку ЭЗ, што, магчыма, раздражняе беларускія ўлады

Напярэдадні 3-га ліпеня на пунктах пропуску на літоўскай мяжы адбыліся затрыманьня студэнтаў ЭГУ. Большасьць зь іх вярталася з сэсіі.

«У цягнік Вільня-Менск пасьля заканчэньня пашпартнага і мытнага кантролю ўвайшлі людзі ў форме, забралі пашпарты ва ўсіх, хто выглядаў як студэнты ЭГУ, і высадзілі зь цягніку тых, хто прызнаўся, што студэнт, і ў каго менская прапіска альбо прапіска Менскай вобласьці», — такое паведамленьне ўвечары 2 ліпеня зьявілася ў Твітэры digital_persona. — «У цягніку ехаў С. С. Шушкевіч, яго таксама зьнялі. Агулам з 5 вагону зьнялі мінімум 13 чалавек […]. На плятформе было каля 70 людзей у форме, накшталт АМАП».

«5 гадзін трымалі. Па адным заводзілі ў нейкую камэру, фатаграфавалі і здымалі на відэа. Прычым ні адзін мужчына ў пагонах ня здолеў патлумачыць, зь якой мэтай рабіліся здымкі. На ўсе нашы пытаньні адказвалі як дзеці ў першым кляс, нават глядзець сорамна было!» — дзеліцца ўражаньнямі адна з 12 удзельніц гудагайскага дагляду. Як пазьней высьветлілася, студэнтаў быццам падазравалі ў правозе наркотыкаў і зброі.

Падобныя дагляды адбыліся і на іншых памежных пунктах. Гэтак, студэнтаў, што ехалі на ўласных аўтамабілях, прымушалі прайсьці дэталёвы дагляд у памежным пункце Каменны Лог, што ў 18 кілямэтрах ад Вільні.

«Глядзелі вельмі падрабязна і неаднаразова, у тым ліку з сабакамі. Вымалі нататнікі і праглядалі, што там было напісана», — піша яшчэ адзін студэнт завочнага аддзяленьня ЭГУ.

«Дагляд праводзіцца ў прысутнасьці ГБ-шніка, які пасьля дагляду праводзіць гутарку з усімі і кажа аб тым, каб ніхто нікуды сёньня [3 ліпеня] не хадзіў», — піша студэнтка ЭГУ, якая вымушаная была правесьці на мяжы каля 5 гадзін. Па яе словах, на памежным пункце маецца сьпіс з прозьвішчамі студэнтаў гэтага ўнівэрсытэту, якіх у час дагляду палохалі магчымымі праблемамі ў выпадку ўдзелу ў акцыях пратэсту. — «Усіх нас сфатаграфавалі ледзь схавана, машыну таксама, растлумачыўшы гэта тым, што трэба далучыць фота дакумэнту да пратаколу допыту».

Тыя студэнты, што праходзілі мяжу пешкі, пад дагляд ня трапілі. Сёньня паведамленьні пра затрыманьні на мяжы не прыходзілі. Аднак студэнты кажуць пра «невядомых людзей у цывільным з рацыямі, што ходзяць па вагону ў час памежнага кантролю».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.