Штраф за допіс Vkontakte

Выкладчык гомельскага унівэрсытэту і палітычны актывіст Пётр Філон быў пакараны штрафам у 105 тысячаў рублёў за камэнтар пад уласным паведамленьнем у сацыяльнай сетцы, дзе прапанаваў сваім сябрам сустрэцца. На судзе яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.


Пётр Філон і былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў

У сваім акаўнце Vkontakte Пётр Філон, які балятаваўся на мясцовых выбарах у Гомелі і да нядаўняга часу працаваў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту, разьмясьціў зварот, адрасаваны супрацоўнікам КДБ.

«Таварышы афіцэры КДБ, я ўсё роўна звальняюся. Таму прашу не псаваць жыцьцё мне і блізкім людзям», — напісаў ён на ўласнай сьцяне. І зрабіў невялічкі допіс, у якім запрасіў сабрацца і сустрэцца зь ім у яго «на раёне» ў панядзелак.

Зварот, гледзячы па ўсім, усё ж дайшоў да супрацоўнікаў КДБ, якія затрымалі Філона на яго ж кватэры. Як паведамляе партал «Моцныя навіны», у гэты ж дзень адбыўся суд, на якім актывіста абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.


Нягледзячы на тое, што допіс са сваёй старонкі Філон выдаліў, суд усё роўна палічыў яго заклікам

Цяпер ужо былы выкладчык інфарматыкі (каардынатар «Руху за Свабоду» ў Гомелі Пётр Кузьняцоў выказвае здагадку, што звольніцца з унівэрсытэту Філона прымусіў якраз КДБ з-за яго палітычнай пазыцыі) мусіць выплаціць дзяржаве 105 тысячаў рублёў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.