Арт-праект Generation.by «Freedom on Paper» атрымаў Гран-пры і 1-е месца на фэстывалі рэклямы Ad.nak!

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджаньня 23 чэрвеня былі абвешчаныя пераможцы Другога фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK!. Сэрыя мастацкіх інсталяцый на вуліцах Менску «Бел-чырвона-белае» і «Забароненыя музыкі» атрымала Гран-пры ў намінацыі «Беларускаарыентаваны рэклямны і камунікацыйны праект» і першае месца ў намінацыі «Грамадзказначныя праекты ў галіне мастацтва і культуры»

«Журы адзінагалосна вырашыла прысудзіць «Freedom on Paper» гран-пры фэстывалю ў намінацыі «Беларускаарыентаваны рэклямны і камунікацыйны праект» — распавяла сябра журы Дар'я Каткоўская ў часе ўручэньня ўзнагародаў.

«І немагчымае — магчыма» — такі мэсыдж укладалі ў сябе абедзьве сэрыі рэпартажаў з прыгодаў мініяцюрных папяровых чалавечкаў. «Бел-чырвона-белае на вуліцах Менску» была апублікаваная 25 сакавіка і атрымала рэкордную для байнэту колькасьць лайкаў карыстальнікаў Facebook - болей за 1170. «Забароненыя музыкі на буйнейшых пляцоўках Менску» зрабілі рэкорд наведвальнасьці Generation.by за адзін дзень — болей за 5000 чалавек.


Каардынатарка Generation.by Воля Кузьміч агулам атрымала на фэсьце 2 Гран-пры, 1 першае месца і 2 трэціх.

Арт-праект «Freedom on Paper» аб'ядноўвае некалькі вулічных пэрформансаў, выставы якіх прайшлі ў Сеціве. Кожная сэрыя мае сваю мэдыйную нагоду і мэсыдж, аднак разам яны аб'яднаныя агульнай мастацкай формай: малюнкі на паперы, выстаўленыя ў горадзе ў адмысловых месцах, сфатаграфаваныя ў адным стылі і прадстаўленыя ў Сеціве. Мікрасьвет, адлюстраваны папяровымі героямі — гэта віртуальная рэчаіснасьць на вуліцах сучаснага гораду.

Праект грунтуецца на традыцыйных рэчах, аднак для Беларусі ён наватарскі і адпавядае модным тэндэнцыям у галіне рэклямы і мастацтва: спалучае стрыт-арт з сучаснымі тэхналёгіямі — фота і інтэрнэт. Праект атрымаў тысячы станоўчых водгукаў, а таксама пасьлядоўнікаў у Беларусі і за мяжой.

Праект рэагуе на стан грамадзтва і мае агульную місію мяняць настроі: ад страху і скаванасьці — да натхнёнасьці, ад безвыходнасьці — да пошуку выйсьця разнастайнасьцю мастацкіх сродкаў.

На візытоўцы праекту paper.generation.by упершыню прэзэнтаваныя зыходнікі акварэльных малюнкаў бел-чырвона-белых чалавечкаў.

Сьпіс усіх пераможцаў фэстывалю AD.NAK! апублікаваны на сайце фэсту.

vojur 11:11, 24/06/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0902 seconds.