Горадня маладых журналістаў

Цягнікамі, маршруткамі, на аўто і спынам — народ з розных гарадоў на гэтых выходных штурмаваў Горадню, вядучы па ходу трансьляцыю ў сацыяльных сетках. Артпраект Freedom on Paper упершыню прывёз папяровую фотавыставу, Каравайка сам упершыню патрапіў у Горадню, а Ліпковіч прасіў усіх пісаць пра сэкс-драгс-рокнрол. Паўтары сотні ўдзельнікаў фэсту моладзевай журналістыкі «Твой стыль» на тры дні запаланілі цахі былога тытунёвага заводу, вуліцы Горадні ды начныя кавярні.

Раз…Два…Тры…Паехалі! Дзень першы

Каля 150 ўдзельнікаў фэсту запоўнілі былыя цахі тытунёвага заводу раніцай 25 траўня, каб прыняць удзел у адзіным у Беларусі фэстывалі моладзевай журналістыкі.

Арганізатары Вітаўт Руднік («Трэці Сектар») і Юрась Карманаў (БАЖ) адзначылі неабходнасьць падобных мерапрыемстваў і гатоўнасьць да наступнага фэсту, які адбудзецца традыцыйна праз два гады.

Сьвята маладых журналістаў адкрывала фотавыстава артпраекту «Freedom on paper», сэрыя зь якой днём пазьней атрымала ў Менску перамогу на Belarus Press Photo 2012. Таксама на ўрачыстым адкрыцьці фэсту дэманстраваліся фотаздымкі пераможцаў фотаконкурсаў у межах фэсту.

Пасьля традыцыйных урачыстасьцяў і клясычных падзяк пачаўся працэс перадачы ведаў ад пасьпяховых журналістаў на майстар-клясах. Якое праграмнае забясьпячэньне існуе для журналістаў і як яго выкарыстоўваць, як правільна візуалізаваць дадзеныя, што можна зрабіць для ўдасканаленьня свайго онлайн-рэсурса ды якім мусіць быць малады журналіст? На ўсе гэтыя пытаньні пад час сваіх сэмінараў адказвалі беларускія экспэрты Вадзім Шмыгаў (БелаПан), Марына Клінава (SourceFabric) ды іх ўкраінскія калегі Віталь Мароз (MediaNext) і Сяргей Гарбачоў (КоммерсантЪ).

Адмыслова для ўдзельнікаў фэсту краязнаўца Віктар Кірэеў расказаў ды паказаў самыя цікавыя месцы журналісцкай Горадні: былую рэдакцыю легендарнай «Пагоні» і штотыднёвіка «Біржа інфармацыі» ды гарадзенскую турму, дзе ў свой час пабывалі вядомыя журналісты Павал Шарамет Анджэй Пачобут.

А на завяршэньне насычанага дня, завесіўшы вокны ад дзённага сьвятла плякатамі, прайшоў прагляд дакумэнтальнага кіно «Драўляны народ» Віктара Асьлюка пра адзінокага дзеда ў вёсцы і «Дыягназ Бісмарк» Алеся Матафонава пра прысуд вядомаму ў вузкіх колах мастаку Віталю Калгіну і ягоную хваробу. Апошнюю дакумэнталку менчукі змогуць паглядзець у межах мініфэсту дакумэнтальнага кіно, які пройдзе 29-30 траўня ў канфэрэнц-залі моладзевай Сацыяльнай Службы.

Дзень другі. Капаэйра і тэрмэнвокс

Трэндовыя на сёньня валяньне з воўны ды пашыў лялек не абмінулі ўвагай і тут — раніца пачалася майстар-клясамі па рукадзельлі. А далей для маладых журналістаў прадставіліся іх патэнцыйныя працадаўцы — шэраг рэгіянальных інфармацыйных інтэрнэт-выданьняў. Пасьля навучаньня капаэйры журналісты разышліся па майстар-клясах ад украінскага фотакора Івана Чарнічкіна, польскага журналіста Марыюша Кавальчыка і айчыных прадстаўнікоў чацьвёртай галіны ўлады Андрэя Каравайкі ды Анатоля Гуляева.

Надзвычайны пэрфоманс даў Арцём Атрашэўскі, які сыграў на рэдкім інструмэнце — на тэрмэнвоксе, а пасьля і ўсе ахвотныя маглі пабрэнькаць, аднак нічога нават і блізкага да музыкі Астрашэўскага, вядома ж, ні ў кога так і не атрымалася. Дзень завяршыўся канцэртам гарадзенскіх «Людзей на балоце» ды абраднымі сьпевамі Akana.

Вучыцеся пісаць пра сэкс, наркотыкі ды рок-н-рол! Дзень трэці

А на трэці дзень узнагородзілі пераможцаў фэстывальнага конкурсу, імі сталіся як прафэсійныя журналісты, так і навічкі журналістыкі. Так, вядомая беларуская паэтка Валярына Кустава пасьпяхова дэбютавала ў якасьці журналіста і перамагла ў намінацыі «Твой стыль» за інтэрвію зь беларускім драматургам Аляксеем Дударавым.

Апагеем фэсту сталася ток-шоў Алеся Залеўскага (Belsat) «Журналістыка 2020», у якім бралі ўдзел беларускія і польскія зоркі: Віктар Марціновіч, Яўген Ліпковіч, Анджэй Пачобут з Gazeta Wyborcza і Марыюш Кавальчык з PRESS. Госьці адзначылі павелічэньне ролі онлайн выданьняў, аднак малую колькасьць наведвальнікаў беларускіх інфармацыйных рэсурсаў.

Намесьнік галоўрэда «Белгазеты» Віктар Марціновіч: «Калі вы пытаецеся пра тое, для каго мы працуем, хто ж нас чытае, адкажу — нас наагул ніхто не чытае і ня слухае!»

У Беларусі мільёны інтэрнэт-карыстальнікаў, а наведвальнасьць самых папулярных інфармацыйных рэсурсаў — дзесяткі тысяч. 

Вядомы беларускі блогер Яўген Ліпковіч выявіў у беларускіх журналістаў ляноту: «Яны ідуць па шляху найменьшага супраціву, не шукаюць сэнсацый, а займаюца толькі кампэляваньнем з блогаў».

Зь ім пагадзілася і малады літаратурны крытык Ася Паплаўская, адзначаўшы, што журналісты не шукаюць ні сэнсацый, ні новых экспэртаў, прыгадаўшы, што ў якасьці экспэрта у кожнай эканамічнай навіне зьяўляецца ўсё той жа Леанід Заіка.

Напрыканцы неабыякавы грамадзянін Ліпковіч даў парады маладым журналістам:

«Абрыдла чытаць пра палітыку, а так хочаца пачытаць пра што-небудзь іншае. Вучыцеся пісаць пра сэкс, наркотыкі і рок-н-рол, бо ў нас ня ўмеюць цікава пра гэта напісаць, а пачытаць вельмі хочацца».

З такімі думкамі пра высокае і паяданьнем пірага з макам фэстываль і завершыўся.

+ Здымкі з адкрыцьця фэсту «Твой стыль»

Фота ў лідзе - 3sektar.by/fest

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1709 seconds.