Былы ўдзельнік IQ48 выдаў альбом свайго новага праекту «Пан Жыжма»

У Сеціва выкладзены альбом праекту «Пан Жыжма» «Хто тут?», за якім стаіць Павал Зыгмантовіч, былы ўдзельнік гурту IQ48. Што ў ім фолькавага, а што рэпэрскага — апісваюць самі стваральнікі.

Праект «Пан Жыжма» зьяўляецца спробай сумясьціць рэп і народную музыку. Перакласьці беларускі фольк на рытмічны біт, дадаць чытанкі — і паглядзець, што атрымаецца.

Пры гэтым з народных песьняў бралася ў асноўным ня музыка, а тэксты — так падалося больш цікавым. Хаця, трэба адзначыць, што галоўным музычным арыентырам было ўсё ж фолькавае гучаньне. Дзеля гэтага ў музычных падкладках пад чытанку выкарыстоўваліся народныя інструмэнты — дуда, цымбалы, жалейка. Вядома, не жывыя, а сэпліраваныя.

Да таго ж, па старой рэпэрскай традыцыі ў музыцы шмат выкарыстоўвалася талентаў іншых выканаўцаў.

У Алеся Камоцкага была пазычана музыка да песьні «Абавязкова», у гурта «Палац» — да песьні «Казка на нач», а ў гурта «Postscriptum» скарадзена ня толькі музыка, але й голас вакалісткі Юлія Белізяк («Плачка»). І, зразумела, без пагадненьня. Бо які ж гэта крадзёж, калі ёсьць пагадненьне?

Тэматыка песьняў, прадстаўленых у альбоме, таксама больш фолькавая. Прынамсі, звычайных для рэпераў наездаў на калег ды доказаў уласнае крутасьці на альбоме няма зусім. Акрамя таго, адна зь песьняў зроблена на тэкст Францішка Багушэвіча «Мая хатка». Пасьля таго, як на ягоныя тэксты зрабілі песьні Hasta La Fillsta ды Вольскі з Памідоравым, трэба было таксама адзначыцца выкананьнем твора першага беларускага рэпера.


Павал Зыгмантовіч на «пабыўцы» ў IQ48: выконвае разам з Сашам Ракаўцом песьню «Таполі», аўтарам якой і зьяўляецца

Альбом распаўсюджваецца бясплатна й на носьбіце выдавацца ня будзе — на халера яны патрэбныя, гэтыя носьбіты, у наш час усеагульнага анлайну.

Праслухаць і спампаваць альбом можна на сайце Белая доля.

14:00, 02/06/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1727 seconds.