Гомельскія студэнты распрацавалі білборды пра ўнікальнасьць беларускай мовы

Студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя П. В. Сухога Ганна Кеня і Аляксандр Аплачыкаў знайшлі выдатны спосаб папулярызацыі роднай мовы. Яны прапануюць усталяваць у горадзе інфармацыйныя стэнды з выявамі розных прадметаў і іх назвамі па-беларуску, а таксама са слёганам «Беларуская мова ўнікальная».

«Можна выкарыстоўваць і лайтбоксы з заклікам рабіць камплімэнты па-беларуску, напрыклад, казаць дзяўчатам, што яны прыгожыя, цудоўныя, — расказвае 24-гадовы Аляксандр Аплачыкаў. — Варта таксама падкрэсьліваць унікальнасьць нашай роднай мовы на білбордах, знаёмячы гасьцей горада зь яе асаблівасьцямі, у прыватнасьці літарай „ў“, якой няма больш ні ў воднай славянскай мове».

Дарэчы, натхніла на гэту справу студэнтаў тое, што Гомель сёлета стаў культурнай сталіцай краіны, значыць, і культура маўленьня ў ім павінна быць абавязкова. Як будучы інжынэр-праграміст, Аляксандр у асноўным займаўся візуалізацыяй ідэі, а Ганна Кеня (будучы маркетоляг) прапанавала шэраг магчымых варыянтаў яе ажыцьцяўленьня. Гамяльчане спадзяюцца, што іх задума знойдзе падтрымку ў гарадзкой улады, і неўзабаве на цэнтральных вуліцах і ў месцах масавага гуляньня моладзі зьявяцца стэнды, якія падштурхнуць жыхароў калі не размаўляць па-беларуску, дык хаця б ужываць родныя словы.

Ірына Прымак, Народная газета

14:00, 27/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0071 seconds.