Vinsent знайшоў гурт

Вінсэнт і раней ня надта адпавядаў усім канонам жанру. Зь нядаўняга часу музыка вырашыў моцна перафарматаваць свой стыль, і пачаць граць кампазыцыі з жывымі гітарамі і нават бубнамі.

Былы лірычны рэпэр, Вінсэнт нарэшце пазбавіўся апошніх прэтэнзій на шырокаштанную аўдыторыю на карысьць рокаваму гучаньню і, выглядае, яшчэ большай папулярнасьці. Па сьлядах пераўвасабленьня Вінсэнта ў поўнафарматны гурт, які ўжо быў прадстаўлены ў Варшаве і ў беларускім Сеціве, у Менску адбылася прэзэнтацыя яго новага гучаньня праз першы сольны канцэрт у «Рэактары».

Цяпер Вінсэнтаў адразу чатыры. Два з гітарамі, адзін на бубнах, і толькі адзін зь мікрафонам. У суме цэлы гурт, у рэпэртуары якога шмат новых тэкстаў, якія, зрэшты, не адмяняюць старыя. Тэматыка ўсё тая ж: каханьне, «жыве Беларусь!», а лепей каханьне пад «жыве Беларусь».

Усё на карысьць радзіме. І сябе таксама. Аднак бяз працы гэтая формула не працуе. Таму пяцікурсьнік журфаку Зьміцер ужо некалькі гадоў упарта «талент памнажае на працу», бо «посьпех проста так не прыходзіць», — гэта зь яго ранейшых тэкстаў цытаты.

«У нейкім сэнсе гэта таксама справа гонару ды самапавагі. Твае ж выступы адбіваюцца на публіцы: якую энэргетыку ты ім даеш, так яны цябе і сустракаюць», — распавядае Вінсэнт пра рашэньне сабраць гурт і прыгадвае мінулагодні ўкраінскі Open-Air Бандэрштат, дзе ў адрозьненьні ад большасьці выканаўцаў беларускі хлопец выступаў «пад мінус»: «Нават неяк няёмка было».

«Я сваё жыцьцё зьвязваю выключна з музыкай. Зараз увесь час сыходзіць на гэтыя справы. Як гэта прынята казаць: я ў рэпе да канца!»

Гэткі беларускі сэлф-мэйд-мэн, Вінсэнт цяпер мае магчымасьць яшчэ прадуктыўней заклікаць «не губляць мову» і да іншых патрыятычных дзеяньняў у гонар і на карысьць бацькаўшчыны. Бацькаўшчына ў асобах прыгожых дзяўчат пяшчотнага ўзросту з маладафронтаўскімі крыжыкамі на заплечніках удзячна ўзіраецца ў вінсантавы вочы, слухаючы кожны яго выдых.

«Вінсэнт, ты такі сэксуальны», — нарэшце на ўвесь вагон мэтро выдае фанатка Вінсэнта, чырванее і ціха дадае: «Так, я так лічу». Дзяўчат шмат, а Вінсэнт адзін. Нічога. Дзяўчына ня скардзіцца, яна выходзіць з мэтро, а Вінсэнт едзе на афтэпаці. Хто ведае, можа быць пасьля. Вуаля, адзьёс, Віка.

Глядзіце болей фота з прэзэнтацыі новага Вінсэнта

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.