Vinsent: жыцьцё зьвязваю выключна з музыкай

Падрыхтоўка да вялікага канцэрта Vinsentа, што мае адбыцца 29 красавіка ў менскім клюбе «Рэактар» ідзе поўнай хадой — у рэпэра безьліч справаў, ён літаральна перакусвае на хадзе. Таму размаўляць мы пачалі ўжо па дарозе на рэпэтыцыйную студыю.

Невялічкі падвальчык, які хаваецца ў старых дворыках верхняга Менску. Крутая лесьвіца ўніз, што падсьвечваецца блакітнымі люмінэсцэнтнымі лямпамі. Сядаем на канапу, у якой можна патануць, сьцены вакол абклееныя плякатамі ды афішамі.

Vinsent, скажы, хто гэтыя хлопцы, што стаяць побач з табой на фотаздымку канцэртнай афішы? Ты споўніў сваю задуму сабраць каманду дзеля жывога выкананьня?

Vinsent: Так! І на канцэрце слухачы змогуць ацаніць усю непаўторнасьць такога выкананьня, адчуць як гэта драйвова, якая гэта шалёная энэргетыка! У мяне проста слоў не хапае, каб перадаць тыя пачуцьці, што можа выклікаць музыка ад бас-гітары, альбо, напрыклад, барабанаў. Гэта зусім іншы, вышэйшы ўзровень. На Захадзе ўсе выканаўцы імкнуцца выступаць менавіта жывым складам — гэта ўжо нават не пытаньне фанаграмы. Наколькі мне вядома, у нас у Беларусі ніхто з гіп-гоп артыстаў яшчэ такога не рабіў. Усе чытаюць пад гэтую няспынную электронную плынь, што нясецца з кампутара.

Тут Vinsentа перабівае яго спадарожнік — музычны прамоўтар Ільля, які прыйшоў на нашу сустрэчу разам з рэпэрам.

Ільля: Жывое выкананьне і запісаны на кружэлку мінус нават і паставіць побач нельга. Гэта ўсё адно, што параўноўваць тэатар ды пірацкае кіно, якое праглядаюць дома на няякасным кітайскім DVD-прайгравальніку.

Vinsent: У нейкім сэнсе гэта таксама справа гонару ды самапавагі. Твае ж выступы адбіваюцца на публіцы: якую энэргетыку ты ім даеш, так яны цябе і сустракаюць. Дарэчы, калі я выступаў на Open-Air Бандэрштат, там усе выканаўцы гралі выключна ўжывую. І тут я такі прыходжу да гукарэжысёра і працягваю яму кружэлку зь мінусам. Яму, зразумела, працы меней, а вось мне нават неяк няёмка было перад публікай.

Як ты пазнаёміўся з музыкамі?

Vinsent: Ну тут нічога такога незвычайнага няма. Насамрэч у Менску ня так і шмат прафэсіяналаў, і шукаць доўга ня трэба. Я зь імі ўсімі быў знаёмы раней, ды ўвогуле ў музычным асяродку амаль усе ведаюць адзін аднаго. Іншае пытаньне: ці захочуць яны працаваць менавіта з табой, ці ёсьць у іх такая магчымасьць.

А не складана было перастройвацца ад самастойнай працы да супрацы ў калектыве?

Vinsent: Ды асабліва і не давялося, бо я заўсёды імкнуўся да супольнасьці — тыя ж агульныя трэкі ды выступы разам з :B:N:, IQ48. Канешне, як недахоп, тут могуць узьнікаць спрэчкі, калі не супадаюць погляды, ды банальна нехта проста спазьняцца можа. Музыка можа не зайграць у патрэбны момант, і здаецца, што ўжо усё прагарэла. Але кружэлка можа быць падрапанай, дыджэйскі пульт сапсуецца ў самае нечаканае імгненьне — і гэта сапраўды каляпс. А музыкі адзін аднаго выцягнуць, дзе трэба — з'імправізуюць, што вельмі значная перавага.


Vinsent на канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю»

А чым яшчэ падчас канцэрту будзеш зьдзіўляць сваіх слухачоў?

Vinsent: Ну па першае, будзем выконваць пяць новых песень, на адну зь іх хутка буду здымаць мастацкі кліп. На жаль, канцэртнага кліпа, што рабілі падчас канцэрта мінулай вясной, не атрымалася, бо мала кадраў было ды і ідэя адпала. Старыя песьні — іх давялося трохі зьмяняць. Каб прыстасаваць да музычных інструмэнтаў, таму гучаць яны будуць па-новаму, але толькі выйграюць ад гэтага. Таксама будзем здымаць увесь канцэрт на пяць вялікіх камэр — будзем рабіць такое вялікае лайф-відэа, гук зробім такім, якім ён будзе падчас канцэрту. Потым гэты «фільм» зьмесьцім у Сеціве.


Vinsent на канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю»

Бачна, што ты да сваёй справы падыходзіш з усёй сур'ёзнасьцю.

Vinsent: Так і ёсьць, бо я сваё жыцьцё зьвязваю выключна з музыкай. Зараз увесь час сыходзіць на гэтыя справы. Як гэта прынята казаць: я ў рэпе да канца! Ну калі раптам мне заўтра цагліна на галаву не зваліцца...

А твае бацькі не былі супраць таго, што ты абраў сабе такі нестандартны занятак?

Vinsent: Я ж тым, чаму мяне вучылі ва ўнівэрсытэце, ніколі і дня не займаўся! А бацькі мяне заўсёды толькі падтрымлівалі.

Ну і нарэшце трошкі пікантнае пытаньне: ці адбілася неяк твая папулярнасьць на увагу да цябе з боку дзяўчын?

Vinsent: Карэнным чынам! :) Насамрэч не такі я папулярны, каб мне на вуліцы праходу не давалі, проста мяне стала ведаць значна больш людзей. Ды і я ж музыкай займаюся не дзеля славы, а найперш для самога сябе, сваіх слухачоў, і, чаго хаваць, дзеля грошай. А ўвагі дзяўчат мне заўжды хапала. Галоўнае, каб з боку хлапцоў яна не зьявілася :)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.