Фэстываль Sziget 2011 агучвае хэдлайнэраў з усяго сьвету

Арганізатары адной з галоўных музычных падзей году — фэстывалю Sziget у Будапэшце — абвясьцілі чарговую порцыю зорных імёнаў. Да Pulp, Chemicals Brothers, Skunk Anansie, The National, Gogol Bordello, Judas Priest, Interpol, далучыліся Oi Va Voi, Amy Winehouse, Kasabian, Deftones, Within Temptation, Manic Street Preachers, White Lies, La Roux ды іншыя.

За 18-гадовую гісторыю будапэшцкі фэстываль наведалі 5 448 372 чалавекі з 62 краінаў сьвету, быў сыграны 7 291 канцэрт. Sziget стаў месцам сустрэчы моладзі з усёй Эўропы, мостам паміж захадам і ўсходам. У гэтым годзе фэстываль пройдзе з 10 па 15 жніўня на традыцыйнай пляцоўцы — высьпе Обуда ў Будапэшце.

Музычная праграма

Ужо вядома, што Галоўную поп-рок сцэну фэстывалю (Pop-Rock Main Stage) зоймуць Pulp, Kasabian, The Chemical Brothers, Amy Winehouse, Dizzee Rascal, Interpol, Rise Against, Good Charlotte, Smash Mouth, Gogol Bordello, Flogging Molly, Maccabees.

Нядаўна сьпіс выступоўцаў папоўніўся брытанскім гуртом White Lies, які стаў папулярным два гады таму, выпусьціўшы альбом «To Lose My Life». У гэтым годзе гурт працягвае заваёўваць публіку новай плыткай «Ritual». Іншым навічком фэстывальнага лайн-апу стаў сінт-поп-дуэт La Roux, чый сынгл «Bulletproof» заняў у 2009 годзе першае месца ў брытанскім чарце.

Manic Street Preachers вяртаюцца на Sziget праз год. У гэты раз валійскія рокеры прадставяць леташні альбом «Postcards From A Young Man», а таксама песьні з новага альбому, рэліз якога заплянаваны на лістапад.

Другую асноўную пляцоўку — Галоўную рок-метал сцэну (Rock-Metal Main Stage) акупуюць аматары цяжкай музыкі. Да легендарных Judas Priest і Motörhead далучацца Within Temptation, Deftones, Lostprophets, Sonata Arctica.

Трэці год запар радаваць гледачоў World Music Main Stage будзе «адзін з самых узрушвальных гуртоў Вялікабрытаніі», па вэрсіі газэты The Daily Telegraph, Oi Va Voi. Сярод хэдлайнэраў сцэны сусьветнай музыкі таксама значацца AfroCubism, Gotan Project, Goran Bregovic, Ojos de Brujo, Rotfront. Упершыню на венгерскі фэстываль прыедуць канадзкія рок-кантры-блюзмэны Cowboy Junkies, славенскі фолк-выканаўца Magnifico, баварскія этна-панкі LaBrassBanda, клезмер-электроншчыкі Shtetl Superstars.

На сцэне A38-WAN2 да названых раней Christal Castle, Peter Bjorn and John, Marina and the Diamonds і Hurts далучацца Xiu, Bomb The Bass, Kode9, Suicidal Tendencies, De Jeugd van Tegenwoordig, DeWolff, Kees van Hondt, Mitch & Mitch, Selah Sue і іншыя.

На Party Arena выступяць The Bloody Beetroots Death Crew 77, Kid Cudi, Trentemoller, Zombie Nation, 2manydjs, Above & Beyond, Dubfire, Richie Hawtin, Technasia. А на новай Эўрапейскай сцэне будуць выступаць гурты, як правіла, вельмі папулярныя ў сваіх краінах, але яшчэ не набыўшыя сусьветнай славы.

І гэта яшчэ не канчатковы сьпіс удзельнікаў, якія выступяць на Sziget 2011. У хуткім часе чакаецца папаўненьне лайн-апу.

Ляпис Трубецкой, Sziget

Фэстывальнае жыцьцё

Леташні экспэрымэнт з безнаяўнымі плацяжамі на фэстывальнай пляцоўцы ў гэтым годзе будзе пашыраны. Плаціць за ежу, напоі і ўсе астатнія паслугі можна будзе з дапамогай спэцыяльных карт аплаты. Яны будуць раздавацца ўсім наведвальнікам фэстывалю і іх можна будзе папаўняць ў спэцыяльных пунктах аплаты як наяўнымі грашыма, так і з дапамогай банкаўскіх картак. Рэшту сродкаў на карце заўсёды можна будзе зьняць, а ў выпадку страты або крадзяжу карты вы зможаце яе заблякаваць і вярнуць усе грошы.

Адзін з асноўных спонсараў фэстывалю, мабільны апэратар Vodafone, прадставіць ўладальнікам смартфонаў з NFC-чыпамі магчымасьць аплаты ўсіх фэстывальных паслуг праз тэлефон, а таксама хуткасны інтэрнэт да 21 мбіт/с. Акрамя гэтага, на фэстывалі з’явіцца вежа Vodafone — спэцыяльна сканструяваны і пабудаваны будынак стане ня проста прыкметным знакам на тэрыторыі фэсту, але і пляцоўкай для правядзеньня розных мерапрыемстваў.

Квіткі

Арганізатары Sziget пакінулі леташнія кошты на квіткі. Акрамя таго, да канца красавіка дзейнічаюць зьніжкі. Фэстывальны тыдзень на востраве Обуда пасярод Дуная абыйдзецца ў 140 або 170 эўра (уключаючы кемпінг). Пасьля 30 красавіка кошты квіткоў будуць павялічаны на 30 эўра. Аднадзённыя квіткі будуць каштаваць 45 эўра. Купіць квіткі можна на сайце фэстывалю.

Тур зь Менску

Як і ў папярэднія гады беларускія аматары музыкі і добрага адпачынку змогуць скарыстацца аўтобусным турам на фэстываль. Гарантуецца прыемнае падарожжа ў дружнай кампаніі, візавая падтрымка і магчымасьць купіць білет на фэстываль ужо зараз.

Атрымаць падрабязную інфармацыю пра паездку на фэстываль і замовіць тур можна на сайце інфармацыйнага партнэра фэстывалю ў Беларусі Ultra-Music. Там жа, у адмысловым разьдзеле, можна знайсьці рэпартажы зь леташняга Sziget, а таксама ўсе навіны аб маючым адбыцца фэстывалі.

Чытайце і глядзіце таксама Дзёньнік Generation.by з аўтавандроўкі на Sziget’2010.

Slaver 10:00, 25/04/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0755 seconds.