У Беларусі захаваўся толькі 21 замак, а 41 сядзіба нікому не патрэбная

Паводле словаў намесьніка міністра культуры Беларусі Віктара Кураша ў нашай краіне захаваўся толькі 21 замак з 116 калісьці існых. Таксама ў Беларусі прастойвае 41 сядзіба, якія пакінула дзяржава, але ў прыватныя рукі перадаць ня здолела.

Сьвіслач Свіслач
Вежы і паркан Сьвіслацкага замку будавалі сяляне воласьці і прылеглых да яе маёнткаў, а таксама сьвіслацкія мяшчане. Цяпер ад замку амаль нічога не захавалася. Але гэта яшчэ нядрэнны прыклад.

«Некалі нашу краіну называлі краінай замкаў: у Беларусі налічвалася 116 замкаў, а на сёньня захаваўся 21», — перадае БелаПАН словы намесьніка міністра.

Колькі замкаў у нашых суседзяў?

Напрыклад, выданьне «Замкі і цьвярдыні Ўкраіны» сьцьвярджае, што цяпер у гэтай краіне захавалася болей за 3 000 замкаў і цьвярдынь. Хаця больш аўтарытэтныя крыніцы падаюць лічбу ў 116 захаваных замкаў. У Літве захавалася 13 сярэднявечных замкаў. У Польшчы — болей за сотню.

Цяпер Міністэрства культуры спрабуе заняцца аднаўленьнем альбо захаваньнем памяці пра іх.

«Прадугледжваецца правесьці адпаведныя працы на гэтых замках: там, дзе магчыма, — аднавіць, дзе засталіся толькі руіны, — закансэрваваць, дзе зусім няма нічога, — добраўпарадкаваць мясьціны, паставіць знакі, каб людзі ведалі, што там знаходзілася, якую ролю той ці іншы замак адыгрываў у гісторыі нашай краіны», — заявіў Кураш.

Гэтыя працы апісаныя ў праграме «Замкі Беларусі», праект якой падрыхтаваны дзяржавай. Першая задача на гэты момант — кансэрвацыя Навагрудзкага замка.

Таксама намесьнік міністра заявіў, што з 46 сядзіб, што цяпер не выкарыстоўваюцца, толькі 5 перададзеныя прыватным уласьнікам. Што рабіць з астатнімі, пакуль не зразумела.

«Часьцяком сядзібы даводзяцца да крытычнага стану, руйнуюцца», — кажа Кураш. На тэрыторыі некаторых самавольна ўзводзяцца новыя будынкі, і дзяржава нічога з гэтым зрабіць ня можа.

Жэмаслаўль Жамыслаўль
Палац графоў Умястоўскіх у Жэмыслаўлі - сумны прыклад таго, што адбываецца з кінутымі дзяржавай сядзібамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.142 seconds.