Адчайны крок сірыйскіх студэнтаў: пратэсты ў Дамаску

У панядзелак паўтысячы сірыйскіх студэнтаў арганізавалі мітынг ва ўнівэрсытэце Дамаску, патрабуючы правядзеньня дэмакратычных рэформаў у краіне. У выніку 1 студэнт загінуў, некалькі арыштавана. Гэты сьмелы крок моладзі адбыўся на фоне гібелі больш чым 200 чалавек у час пратэстаў, што ўжо месяц ідуць па ўсёй краіне.

Як перадае Бі-бі-сі, каля 500 студэнтаў выйшлі на мітынг у Дамаску. Тое быў вельмі сьмелы крок з боку студэнтаў, паколькі ўнівэрсытэт знаходзіцца пад узмоцненым кантролем спэцслужбаў.

Адзін студэнт загінуў, паведамляе Associated Press. Пакуль не зразумела, ці быў ён зьбіты да сьмерці, альбо прычынай гібелі стала куля. Па непацьверджаных паведамленьнях, некалькі удзельнікаў мітынгу былі затрыманыя.

Студэнты, ляяльныя прэзыдэнту краіны Башару Асаду зладзілі ў кампусе уласную дэманстрацыю, скандуючы праўрадавыя лёзунгі.

Тым часам, як сьцьвярджаюць відавочцы, па усёй Сірыі працягваюцца масавыя арышты ўдзельнікаў пратэстаў і лідэраў апазыцыі. Праваабаронцы маюць зьвесткі аб тым, што арыштаваныя падвяргаюцца катаваньням, іх зьбіваюць.

Сёньня зь сірыйскай вёскі Байда прыйшлі новыя паведамленьні аб узброеных сутыкненьнях паміж мясцовымі жыхарамі і войскамі. Ахвярамі пратэстаў, што на выходных адбыліся ў гэтым рэгіёне, сталі як мінімум 30 чалавек.

У Сірыі радыкальныя пратэсты з патрабаваньнем палітычных рэформаў пачаліся каля месяцу таму. За гэты час загінула каля 2 соцень сірыйцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.