За няправільны мэйл чыноўніку могуць пасадзіць

Да трох гадоў пазбаўленьня волі можна атрымаць у Беларусі за зварот у дзяржаўныя органы ў тым выпадку, калі ў лісьце знойдуць абразу альбо паклёп. Затое зьвяртацца ў дзяржслужбы грамадзяне цяпер змогуць нават па электроннай пошце. Але адказ чакаць прыйдзецца, як заўжды, па 15 дзён.

Новы закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб прыняты ў парлямэнце ў першым чытаньні. Цяпер да чыноўнікаў можна будзе зьвярнуцца праз сайты ведамстваў альбо па e-mail’у, а тыя будуць абавязаныя адказаць на паведамленьне на працягу 15 дзён.

Як піша БелТА, законапраект усталёўвае адказнасьць заяўніка за парушэньне заканадаўства пры падачы на разгляд звароту. Калі ў сваёй электроннай пошце чыноўнік знойдзе паклёп ці абразу, пракуратура можа заняцца пошукам крыўдзіцеля слугі народа. За паклёп, паводле крымінальнага кодэксу Беларусі, прадугледжваецца пакараньне да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Што чыноўнікі зьбіраюцца рабіць са спамам, які паступае, хочацца верыць, нават на скрыні найвышэйшых асобаў, дэпутаты так і ня вырашылі.

Міністар юстыцыі Віктара Галаванаў толькі выказаў надзею на тое, што «практыка ўжываньня закону гэтае пытаньне ўрэгулюе». Міністар пагадзіўся, што небясьпека рассылкі спаму існуе, аднак законапраект гэта пытаньне ніяк не закранае і адказнасьць за такія лісты не прадугледжвае.

Ці будуць праваахоўныя органы шукаць спамэраў за абразу, таксама не паведамляецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.