Міністар адукацыі марыць пра адмену прызыву для пэдагогаў

Міністэрства адукацыі працягвае лабіраваць ідэю адмены прызыву для выпускнікоў пэдагагічных аддзяленьняў у тым выпадку, калі яны згадзяцца адпрацоўваць у школах да заканчэньня прызыўнога ўзросту. Калі папраўка будзе прынятая, хлопцы-пэдагогі будуць адпрацоўваць ня два гады, як цяпер, а ўсе пяць. Затое ў войска ня пойдуць.

Ідэю ня браць у войска хлопцаў-пэдагогаў, пакуль тыя працуюць у школе, агучыў два месяцы таму намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук. А нядаўна міністар адукацыі Сяргей Маскевіч пацьвердзіў, што спадзяецца на прыняцьце адпаведных паправак у заканадаўства:

«Для прыцягненьня ў школу мужчын-пэдагогаў будуць больш дэталёва прадуманыя пытаньні рэгуляваньня заработнай платы і вызваленьня ад вайсковай службы маладых спэцыялістаў пры ўмове адпрацоўкі імі па прафэсіі да заканчэньня тэрміну прызыўнога ўзросту», — заявіў Сяргей Маскевіч у інтэрвію БелТА.

Паводле прадстаўнікоў міністэрства адукацыі, у Беларусі значна не хапае менавіта пэдагогаў-мужчын. Завабліваць іх зьбіраюцца праз вылучэньне льготных крэдытаў на жытло, а таксама мэтадам пазбаўленьня ад прызыву хлапцоў. Але ж тады выпускнікам, магчыма, прыйдзецца прапрацаваць у вясковых школах прыкладна пяць гадоў пасьля ўнівэрсытэту замест году службы ва ўзброеных сілах.

Таксама няясна, што думаюць пра праект Мінадукацыі вайскоўцы. Яны толькі год таму дамагліся права забіраць на службу завочнікаў, бо беларускаму войску, па іх словах, прызыўнікоў катастрафічна не хапае. Пакуль, дарэчы, у выніку тых нашумелых паправак у войска забралі ня болей за 400 прызыўнікоў-завочнікаў з 10 тысячаў хлапцоў, што пайшлі служыць гэтай зімой.

А пакуль выпуск спэцыялістаў пэдагагічнага профілю ў Беларусі катастрафічна падае. За апошнія пяць гадоў па дадзеных Белстату выпуск пэдагогаў скараціўся з 14% да 10% ад агульнай колькасьці выдадзеных дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1571 seconds.