Беларусь — першая краіна Эўропы па хуткасьці росту коштаў на адукацыю

За апошні год кошты на беларускую адукацыю падвысіліся на 35%. Гэта рэкордная лічба для ўсёй Эўропы, улічваючы, што ў многіх краінах у час крызысу адукацыйныя кошты ня толькі не павялічыліся, а наадварот, упалі.

У краіне за мінулы год адбыўся сапраўдны скок коштаў на адукацыю. Па дадзеных Белстату, яны павялічыліся ў параўнаньні зь лютым мінулага году на 35%. Тое быў найбольшы рост у беларускай эканоміцы агулам — нідзе цэны не расьлі ў нас так хутка, у тым ліку кошты на прадукты і аплату ЖКГ.


Рост коштаў на адукацыю ў эўрапейскіх краінах у % да лютага 2010 году. Паводле Эўрастат і Белстат

Працягнуўся рост і ў гэтым годзе. Толькі за люты адукацыйныя кошты падвысіліся амаль на 5%.

Нагадаем, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у самы разгар зімняй сэсіі студэнты даведаліся, што цяпер за навучаньне прыйдзецца выкладаць на 20–25% болей, чым раней. Тады ў БДУ кошты нечакана паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

Найбольшы рост коштаў за вышэйшую адукацыю назіраўся ў Менску. У сталіцы студэнты-платнікі, паводле Белстату, у месяц аддаюць за адукацыю не 228 тысячаў рублёў, як у верасьні, а 288 000. У год атрымліваецца каля 1140 даляраў па афіцыйным курсе. Выглядае, што цяпер гэта сапраўдны сярэдні кошт на адукацыю ў Беларусі.

А што ў суседніх зь Беларусьсю краінах? За цэлы год адукацыйныя кошты ў Польшчы падвысіліся толькі на 2.4%, а ў Літве ўвогуле ўпалі амаль на 1%. За мінулы месяц крыху паднялася аплата за адукацыю ў Расеі (на 0.2%) і ва Ўкраіне (0,4%).

Такім чынам, Беларусь — эўрапейскі лідэр па хуткасьці росту коштаў на адукацыю. Паспрачацца з намі ў гэтым паказчыку можа толькі Люксэмбург (рост адукацыйных коштаў каля 9%) і Ісьляндыя (7%). Што цікава, у Нямеччыне і Вялікабрытаніі, дзе ў мінулым годзе адбываліся вялізныя студэнцкія пратэсты, зьвязаныя з ростам платы за адукацыю, цэны павялічыліся на 1.5% і 5% адпаведна. А ў 6 краінах Эўропы кошты на адукацыю ня толькі не ўзрасьлі, а наадварот, упалі.

Паводле дадзеных усё таго ж Белстату, расходы на адукацыю займаюць пятае месца сярод усіх платных паслуг беларусам, якія аказвае дзяржава. На першым месцы расходы на ЖКГ і сувязь.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0666 seconds.